Дзіўны ўчынак Лукашэнкі
- 10.02.2025, 9:52
Правадыр падставіўся.
Правадыр Беларусі не толькі павіншаваў прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіана з 46-й гадавінай перамогі Ісламскай рэвалюцыі, але і зноў запрасіў яго прыляцець у Менск.
- Разлічваю на працяг нашага дыялогу ў Менску ў рамках вашага афіцыйнага візіту, - цытуе тэкст тэлеграмы Аляксандра Лукашэнкі ягоная прэс-служба.
Нагадаем, што ў ЗША стасункі з Іранам у апошнія месяцы актыўна абмяркоўваюцца ў сувязі з абраннем Дональда Трампа на чарговы прэзідэнцкі тэрмін, піша «Салiдарнасць».
У 2018 годзе ён вывеў ЗША з ядзернай угоды, якая абмяжоўвала ядзерную праграму Ірана ў абмен на паслабленне эканамічных санкцый, а ў 2020-м аддаў загад на забойства генерала Касема Сулеймані, што для Ірана стала стратай нацыянальнага маштабу.
У лістападзе мінулага года Міністэрства юстыцыі ЗША заявіла, што спецслужбы папярэдзілі іранскую змову з мэтай забойства Трампа напярэдадні выбараў. Аднак прэзідэнт Масуд Пезешкіан зняпраўджвае наяўнасць змовы.
Днямі Трамп заявіў, што разлічвае дамовіцца з Іранам аб яго бяз'ядзерным статусе - і уважае гэта за лепшае, чым бамбаванне. Крыху раней ён падпісаў указ аб аднаўленні палітыкі "максімальнага ціску" на Іран.