Адная малпа пакінула без святла ўсю Шры-Ланку
- 10.02.2025, 12:45
22 мільёны чалавек пазбавіліся электрычнасці.
Адная малпа ў нядзелю пакінула без электрычнасці ўсе 22 мільёны жыхароў Шры-Ланкі.
“У малпы адбыўся кантакт з трансфарматарам у нашай сетцы, што прывяло да ўзнікнення дысбалансу ў сістэме”, - так міністр энэргетыкі Шры-Ланкі Кумара Джаякодзі патлумачыў журналістам прычыны поўнага блэкаута, які здарыўся на выспе аб 11 гадзіне раніцы ў нядзелю, паведамляе BBC.
Трагічнае для малпы здарэнне адбылося на падстанцыі на поўдзень ад сталіцы Шры-Ланкі, Каломба.
Пасля гэтага падачу электрычнасці давялося аднаўляць паэтапна на працягу многіх гадзін, пачынаючы з медыцынскіх устаноў і водаачышчальных станцый.
Ланкійскія карыстальнікі сацсетак выдалі наконт гэтага здарэння процьму жартаў і з'едлівых рэплік на адрас уладаў.
“Адна малпа = поўны хаос. Можа, час падумаць пра інфраструктуру?” - напісаў у сетцы X карыстальнік Mario Nawfal.
"Толькі на Шры-Ланцы бойка купкі малпаў на падстанцыі можа прывесці да адключэння электрычнасці на ўсёй выспе", – напісала галоўны рэдактар мясцовай газеты Daily Mirror Джаміля Хусэйн.
У артыкуле, які выйшаў у панядзелак, гэтая газета нагадала, што спецыялісты гадамі казалі ўрадам, якія змянялі адзін аднаго, што сеткі ў краіне трэба мадэрнізаваць, інакш будуць адключэнні.
"Электрасеткі ў краіне – у такім стане, што варта чакаць адключэнняў па ўсёй краіне, нават калі непаладкі будуць толькі на адной з ліній электраперадач", – цытуе газета неназванага па імені інжынера.