BE RU EN

Наталля Радзіна: Ёсць спосаб імгненна вызваліць усіх беларускіх палітвязняў

  • 11.02.2025, 13:23

Адначасова гэта дазволіць абараніць правы працоўных.

Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былая палітычная зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк правяла першую прэс-канферэнцыю ў Вільні. Вядомая апазіцыянерка заклікала не весці перамовы з Лукашэнкам, а таксама ўводзіць новыя санкцыі супраць рэжыму.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, якая мадэравала прэс-канферэнцыю, расказала «Радыё Свабода» пра значнасць заяў Паліны Шарэнда-Панасюк:

- Па-першае, я хацела б сказаць, што Паліна вельмі мужная жанчына. Пасля выезду з Беларусі яна расказала пра ўсе катаванні, праз якія ёй давялося прайсці ў беларускіх турмах. Гэта сапраўды ГУЛАГ. Тое, што адбываецца з жанчынамі там проста жудасна.

Сама Паліна назвала беларускія турмы скуралупняй, дзе сёння катуюць і забіваюць і мужчын, і жанчын. Яшчэ важна было тое, што яна заявіла пра ціск на палітвязняў.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org перакананая, што менавіта дзякуючы санкцыям удалося вызваліць Паліну Шарэнда-Панасюк:

- Санкцыі вельмі моцна сёння ўплываюць на сітуацыі ў Беларусі. Найперш - на эканоміку. Наколькі я ведаю, зараз сітуацыя ў эканоміцы сапраўды на мяжы катастрофы.

Расея больш не ў стане ратаваць рэжым Лукашэнкі і так датаваць эканоміку краіны, як гэта было ў папярэднія гады, бо ідзе вайна, РФ сама нясе вялікія страты, у тым ліку - фінансавыя. Таму ў рэжыму Лукашэнкі ёсць вялікія праблемы, і ён бы вельмі хацеў сёння скасавання санкцый, якія былі ўведзеныя супраць беларускага калію і нафтапрадуктаў.

Наталля Радзіна адказала экспэртам, якія расказваюць пра «ўстойлівасць эканомікі рэжыму»:

- Па-першае, у нас сёння няма інфармацыі, як санкцыі ўздзейнічаюць на беларускую эканоміку. Усе гэтыя мудрагелістыя экспэрты, якія расказваюць пра «цудоўны» стан эканомікі, адкуль бяруць лічбы? Амаль усе лічбы ў Беларусі ці фальшывыя, ці закрытыя. Сёння ні ў аднаго экспэрта, у тым ліку ў BEROC і іншых аналітычных цэнтраў няма адэкватнай інфармацыі пра беларускую эканоміку.

Санкцыі дзейнічаюць і разбураюць эканоміку рэжыму. Аднак не трэба чакаць, што гэта адбудзецца ўжо заўтра. Канешне, ёсць праблемы з тым, што санкцыі, якія былі ўведзеныя, масава абыходзяцца. Еўразвяз час ад часу, пакет ад пакета, гэтыя дзіркі закрывае. Мы ведаем, што з фальшывымі дакументамі ў ЕС ідуць падсанкцыйныя тавары, але гэта ўсё адно дрэнна ўплывае на эканоміку Лукашэнкі. І добра, што гэтыя санкцыі ёсць.

Калі мы жадаем, каб санкцыі ўвялі, а яны на наступны дзень пачалі дзейнічаць, ёсць і такія магчымасці. Трэба закрыць транзіт тавараў цераз тэрыторыю Беларусі. Калі будзе ўведзенае эмбарга на гандаль, праз тры-чатыры дні рэжым Лукашэнкі выпусціць усіх палітвязняў. Бо гэта падзейнічае не толькі на эканоміку Беларусі, але і на Расею, і на КНР, бо праз нашу краіну ідуць кітайскія тавары ў Еўропу. Гэта адзіны шлях па сушы.

Нам падаецца, што ўвесці гэтыя санкцыі немагчыма. Але існуе падстава для іх выкарыстання. Нагадаю, што супраць рэжыму Лукашэнкі быў выкарыстаны 33 артыкул Статута Міжнароднай арганізацыі працы. Гэты артыкул мае на ўвазе ўвядзенне эмбарга на гандаль з Беларуссю і забарону на транзіт тавараў праз нашу краіну. Калі б краіны Захаду мелі палітычную волю, яны б змаглі ўвесці гэтыя санкцыі, што было б вельмі эфектыўна. Людзей маглі б выпусціць з турмаў вельмі хутка.

Таксама Наталля Радзіна пракаментавала заяву кіраўніка КХП-БНФ Зянона Пазняка аб тым, што Паліну Шарэнда-Панасюк выпусцілі, «таму што ён звяртаўся з такой просьбай да Лукашэнкі», а «адзіная магчымасць вызваліць палітвязняў - перамовы з рэжымам»:

- Я не веру, што Лукашэнка слухае Пазняка. Калі б слухаў, мы б убачылі гэта яшчэ ў канцы 90-х. Калі не было інтэрнэту, Пазняк слаў факсам зварот да рэжыму Лукашэнкі.

Мяркую, што акрамя ціску няма ніякага іншага шляху паўплываць на рэжым Лукашэнкі. Калі дыктатар вызваліць усіх палітвязняў, я буду толькі вітаць зняцце санкцый з рэжыму. Але хай ён адпусціць усіх да адзінага палітвязняў, тысячы і тысячы людзей, якіх сёння катуюць у беларускіх турмах, няхай спыніць палітычны тэрор, які доўжыцца ў краіне ўжо пяты год. Бо вызваляюць сёння дзясяткі чалавек, а ў турмы ідуць сотні. А палітвязняў усё больш і больш.

Калі Зянон Пазьняк такі смелы, няхай едзе ў Менск і вядзе перамовы з Лукашэнкам. Купляе білет на аўтобус, едзе ў Беларусь і размаўляе з дыктатарам. Паглядзім на вынік.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org>/b адзначыла важнасць таго, што былая палітычная зняволеная расказала пра карную псіхіятрыю, якую рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае супраць сваіх апанентаў:

- Карная псіхіятрыя выкарыстоўвалася ўладамі СССР супраць дысідэнтаў. Мы памятаем, як гэта адбывалася з Уладзімірам Букоўскім, Валерыяй Навадворскай, Наталляй Гарбанеўскай, якую я асабіста ведала. Гэта жахлівыя рэчы, проста катаванні, і за гэта рэжым мусіць несці адказнасць. Вельмі важна, што Паліна пра гэта расказала. Думаю, што могуць быць уведзеныя новыя санкцыі. Тое, што Паліна ўсё гэта вытрымала, яшчэ раз гаворыць пра тое, што яна вельмі мужная жанчына і гонар Беларусі. Бо прайсці і праз фізічныя катаванні, і праз псіхалагічна невыносныя ўмовы, можа толькі моцны чалавек, які любіць Беларусь і верыць, што яна стане свабоднай.

Калі я прыехала ў Вільню і сустрэлася з Палінай, мы пяць гадзін бесперапынку размаўлялі. Я ўбачыла перад сабой чалавека, які не страціў нават у гэтых умовах веру ў тое, што Беларусь будзе свабоднай. Гэта прыклад усім нам. Сорамна ў эміграцыі сёння казаць, што «нам складана жывецца і мы не ведаем, калі вернемся дадому». Трэба рабіць усё, што толькі магчыма, а можам мы шмат. Калі людзі праходзяць праз пекла і захоўваюць у сабе веру ў перамены, дык як мы можам казаць, што яе страцілі?

Апошнія навіны