Запарожская АЭС апынулася на мяжы блэкаўту
- 11.02.2025, 19:12
Праз расейскі абстрэл.
Акупаваная Запарожская атамная электрастанцыя апынулася на грані блэкаўта. У выніку расейскіх абстрэлаў у аўторак, 11 лютага, была абясточаная адна з дзвюх ліній сілкавання ЗАЭС. Пра гэта паведамляе Міністэрства энэргетыкі Украіны.
У ведамстве адзначылі, што зараз электрастанцыя злучаная з украінскай энэргасістэмай толькі адной лініяй электраперадачы. Энэргетыкі змогуць пачаць аднаўляць сілкаванне гэтай лініі, калі гэта дазволіць сітуацыя з бяспекай.
«Зноў на Запарожскай АЭС рэальная пагроза блэкаута праз варожыя абстрэлы - чарговым разам адключылася адна з дзвюх ліній электраперадачы, якія злучаюць часова акупаваную Запарожскую АЭС з аб'яднанай энэргасістэмай Украіны», - заявіў міністр энэргетыкі Герман Галушчанка.
Ён таксама адзначыў, што толькі вяртанне Украіне кантролю над ЗАЭС можа гарантаваць бяспечную эксплуатацыю станцыі.