«Такога яшчэ ніколі не было ў гісторыі Беларусі»
- 12.02.2025, 15:01
Усе ўзрушэнні ў Расеі будуць рыкашэтам адбівацца на рэжыме.
Заходнія СМІ пішуць пра сур'ёзныя эканамічныя праблемы, якія могуць чакаць Расею. Наколькі сёння ўразлівая беларуская эканоміка, калі пачнуцца праблемы ў РФ? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з эканамістам і палітычным аглядальнікам Змітром Балкунцом:
- Беларусь вельмі прывязаная да Расеі ў гандлёвых дачыненнях, экспарт на расейскі рынак сёння дасягае 70%. Гэта, канечне, стварае істотныя пагрозы для беларускай эканомікі, для беларускага рубля і агулам эканамічнай стабільнасці. Усе ўзрушэнні ў Расеі будуць рыкашэтам адбівацца на эканоміцы рэжыму.
Для Расеі, вядома, сітуацыя таксама не вельмі добрая складваецца ва ўсіх сэнсах. РФ адрэзана ад каналаў пастаўкі, у тым ліку тэхналогій, розных міжнародных рынкаў. Крэмль страчвае магчымасць свабодна і спакойна нешта прадаваць, выкарыстоўваючы нейкія другарадныя схемы для выхаду на сусветныя рынкі. І Беларусь таксама патрапіла ў гэтую залежнасць, стаўшы своеасаблівым дадаткам.
Але пры гэтым Беларусь у нейкай ступені зарабляе зараз на санкцыйнай палітыцы, бо праз краіну ідуць наземныя лагістычныя маршруты на расейскі рынак з Еўропы. Гэта дазваляе Беларусі нават у нечым выступаць у ролі пасярэдніка і зарабляць на гэтым.
- У сувязі з эканамічнымі праблемамі ўжо з'явіліся дзіўныя ўказы Лукашэнкі. Да прыкладу - што выканкамы будуць зацвярджаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў. Што яшчэ можна чакаць ад рэжыму, калі эканоміка пачне сыпацца?
- Гісторыя з тым, што збіраюцца прызначаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, гэта ўвогуле ўнікальная мадэль. Такога яшчэ ніколі не было ў гісторыі Беларусі. Мне падаецца, што Лукашэнка тут хоча канчаткова забіць малы бізнэс у рэгіёнах. Зусім незразумела, чым гэта абгрунтавана. Магчыма, ён проста хоча не дапускаць нейкага вальнадумства ў прыватных кампаніях.
Таксама Лукашэнка збіраецца правесці "сусветны экспэрымент" рэгулявання коштаў, як ён сказаў, што ў свеце такога ніхто не рабіў. Гэта скончыцца тым жа, што было і ў савецкія гады - дэфіцытам, падвышэннем коштаў або нейкімі іншымі катаклізмамі. Усе гэтыя экспэрыменты Лукашэнкі сумна заканчваюцца. Але гэта, канешне, таксама стварае нагрузку і для супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату, якія вымушаны выконваць ягоныя даручэнні.
Днямі Лукашэнка заявіў аб тым, што плануе надзяліць нейкімі новымі паўнамоцтвамі кіраўнікоў райвыканкамаў, каб у іх было менш бюракратыі. Я не думаю, што ў яго зноў нешта атрымаецца, бо калі ён кагосьці нечым надзяляе, зверху яшчэ тры начальнікі з'яўляюцца. Таму я нічога не чакаю ад яго, я толькі чакаю пагаршэння сітуацыі, бо гэты чалавек не здольны нічога новага прыдумаць. Ён толькі можа пагаршаць абстаноўку.
- У размове з намі вы падавалі прыклад таго, што дзейсным метадам санкцый супраць РФ стала б перакрыцце праліваў для расейскіх суднаў. Захад пачаў дзейнічаць інакш, уводзячы санкцыі супраць танкераў. Ужо ёсць інфармацыя пра дзясяткі затрыманых у моры танкераў. Ці дзейсны гэта метад?
- Дзеянні, якія былі прыняты ў дачыненні да некалькіх дзясяткаў або сотняў суднаў, якія перавозяць расейскія нафтапрадукты, у нейкай меры могуць дасягнуць выніку. Або можна перакрыць праліў, выкарыстоўваць блакаванне суднаў. Мне здаецца, танней і прасцей перакрыць праліў ці ўвесці марскую блакаду, што, напрыклад, актыўна выкарыстоўвалася ў XIX стагоддзі падчас вайны. Напрыклад, Напалеон блакаваў Вялікабрытанію, яна больш за год была заблакаваная, ніводзін карабель не выходзіў з Вялікабрытаніі і не ўваходзіў у Вялікабрытанію, з порта нават не выходзілі караблі. Гэта аслабляла краіны. У XX стагоддзі гэта таксама выкарыстоўвалася шмат разоў.
Калі б сёння краіны дамовіліся і прынялі такую тактыку (прычым гэта не патрабуе ніякай санкцыйнай палітыкі), гэта мела б вельмі сур'ёзны вынік. Я нядаўна чытаў, што некаторыя краіны акурат плануюць надглядаць караблі, якія праходзяць праз іх пралівы. Калі надгляд будзе дастаткова працяглы, то гэта можа быць свайго кшталту блакаванне. Гэта робіць Расею ўразлівай.
Расея плануе правесці на тэрыторыі Беларусі ў гэтым годзе чарговыя вайсковыя вучэнні, такія ж як былі ў 2021-м годзе і напярэдадні ўварвання расейскага войска ва Украіну ў 2022-м годзе. Як можна, на мой погляд, не дапусціць правядзенні гэтых вучэнняў? Тут трэба выкарыстоўваць нейкія нестандартныя метады і вагары, у тым ліку перакрыцце транзіту ўсіх грузаў.
Трэба паставіць жорсткія ўмовы: ніякіх вучэнняў на тэрыторыі Беларусі быць не павінна. І няхай самі выбіраюць, што ім важней – гандаль ці вучэнні. Але такое пытанне пакуль ніхто не ставіць, бо еўрапейскія краіны працягваюць гандляваць з імі, не думаючы пра сваю бяспеку. Па-мойму, у гэтай сітуацыі пытанне бяспекі павінна быць на першым месцы, а гандаль - на другім. Гэтыя пытанні патрабуюць дыскусіі.