УСУ апублікавалі перамовы з Алаўдзінавым пра інтэрнат у Суджы, які атакавала РФ
- 12.02.2025, 16:04
Расейскі генерал ведаў, што там знаходзіліся цывільныя грамадзяне.
Расейскі генерал Апці Алаўдзінаў ведаў, што ў інтэрнаце Суджы знаходзіліся цывільныя грамадзяне і спрабуе схаваць ваенныя злачынствы войска РФ.
Пра гэта распавёў прэс-афіцэр ваеннай камендатуры на тэрыторыі Курскай вобласці Аляксей Дзмітрашкоўскі, паведамляе Цензор.НЕТ.
Генерал РФ пасля авіяўдару па інтэрнаце публічна абвінаваціў Украіну, прыдумаўшы гісторыю, што УСУ нібыта ўдарылі ракетай па сваім штабе.
Алаўдзінаў паабяцаў арганізаваць «зялёны калідор», каб была магчымасць вывезці расейцаў з Суджы, аднак пазней пачаў апраўдвацца, чаму РФ гэтага зрабіць не можа.
У тэлефоннай размове з Дзмітрашкоўскі ён прызнаў, што ў інтэрнаце знаходзіліся толькі цывільныя грамадзяне, пра што было вядома камандаванню войска РФ.
«Мы ў курсе, што цывільнае насельніцтва знаходзіцца ў гэтым інтэрнаце. Мы пра гэта ведалі, што іх туды завезлі» - казаў расейскі генерал.
Пасля гэтай размовы па інтэрнаце пачалі біць дроны, а затым быў прылёт авіябомбы.
Алаўідаў запэўніў, што не датычны да абстрэлу інтэрната ў Суджы, хоць ведае, хто зладзіў гэтыя ўдары. Таксама ён згадвае Мінабароны РФ і падраздзяленні расейскага войска, якія дзейнічалі ў раёне Суджы.
«Я магу пракантраляваць, каб не бамбілі, нічога не рабілі. Магу папрасіць спыніць ніякіх праблем. Магу даць каманду, каб ніхто нічога не рабіў... Я не луплю па інтэрнаце, у мяне няма такіх магчымасцяў. Гэта з іншага боку падраздзяленні, якія ідуць, яны можа і б'юць, я з імі не на сувязі», - сказаў ён пазней.
Удар РФ па будынку інтэрната ў Суджы
У суботу, 1 лютага, прэс-афіцэр часовай ваеннай камендатуры на тэрыторыі РФ Аляксей Дзмітрашкоўскі паведаміў, што расейскія войскі ўдарылі па будынку школы-інтэрната горада Суджа Курскай вобласці, які знаходзіцца пад кантролем Сіл абароны Украіны. У выніку расейскага нападу 95 чалавек апынуліся пад руінамі.