BE RU EN

У сацсетках нарабіла шуму «сакрэтная» рагачоўская згушчонка

  • 12.02.2025, 15:28

Яе не могуць знайсці ў Беларусі.

У канцы студзеня расейская блогерка @nastiaeat паказала ў сваім канале ў TikTok навінку: згушчонку «Рагачевъ», спакаваную з хлебнымі палачкамі, - зараз ласункамі можна перакусіць нават на дварэ. Новы прадукт тут жа паспрабавалі знайсці ў Беларусі, але не. Партал mogilev.in высветліў, што вядома пра няўлоўную згушчонку, ці не падробка гэта вядомага брэнда і ці з'явіцца ласунак у беларускіх крамах.

- Паглядзіце, што прыдумаў вытворца згушчонкі "Рагачоў". Вось такія дэсертныя хлебныя палачкі, якія трэба мачаць у згушчонку, — расказвае ў роліку блогерка.

Ролік паглядзелі больш за 600 тысяч разоў, у каментарах карыстальнікі шмат напісалі пра смак дзяцінства. "Такога я яшчэ не сустракала!" - падзялілася аўтарка агляду. А карыстальніца з мянушкай @Ленка-Знішчальніца згушчонкі пракаментавала гэтую фразу так: «Я вам больш скажу: я ў Рагачове такога не сустракала!»

Сапраўды, знайсці хаця б сляды гэтага прадукту ў Беларусі было няпроста. На сайце Рагачоўскага малочнага камбіната пра згушчонку з палачкамі няма ні слова. На маркетплейсах Ozon і Wildberries дэсерт быў, але яго разабралі. Прычым на сайце Wildberries згушчонку з перапечкамі пазіцыянавалі як беларускі прадукт.

Дэсерт знайшоўся ў продажы на расейскім сайце vkusvill.ru. Там 47-грамовую ўпакоўку з лагатыпам «Рагачоў» прапануюць купіць за 85 рублёў (каля 3 беларускіх рублёў). Аднак на адрасе вытворцы Беларусь не значыцца ўвогуле: згушчонку з перапечкамі вырабілі ў Падольску Маскоўскай вобласці.

Партал звязаўся з Рагачоўскім малочным камбінатам, каб даведацца, ці не падробку ці так шырока разрэкламавалі. Высветлілася, што не. У Расеі дэсерт выпускае прадстаўніцтва беларускага вытворцы, і ва ўпакоўцы сапраўды рагачоўская згушчонка. У Беларусі пакуль такога фармату ў продажы няма, але будзе — для нашай краіны рагачоўскую згушчонку «зробяць прыгожай» таксама ў Расеі. Праўда, тэрміны, калі перапечкі з салодкім малаком з'явіцца ў нас, пакуль сапраўды не вызначаныя.

Апошнія навіны