BE RU EN

У Ахоцкае мора выносіць крыгу з трымастамі расейцамі

  • 12.02.2025, 15:48

20-кіламетровая трэшчына адарвала яе ад вострава Сахалін.

На поўдні вострава Сахалін удзень 12 лютага адарвала крыгу, на якой, паводле папярэдніх звестак, рыбалілі амаль 300 чалавек. Крыгу адносіць у Ахоцкае мора, паведаміў Telegram-канал МНС РФ.

«На месца здарэння выехалі 6 ратавальнікаў і 4 адзінкі тэхнікі МНС Расеі. Да вылету з Паўднёва-Сахалінска рыхтуецца ведамасны верталёт Мі-8», - паведаміў МНС.

Расколіна па крызе прайшла ад вёскі Малькоў да вусця ракі Далінкі. Мяркуючы з мапаў «Яндэкса», гэта адлегласць прыкладна 20 км.

Telegram-канал Shot са спасылкай на відавочцаў напісаў, што трэшчына ўтварылася раптоўна і пачала хутка павялічвацца.

Частка рыбакоў паспела пераскочыць праз расколіну, якая пачала разыходзіцца, а астатніх разам з аўтамабілямі і снегаходамі стала выносіць у мора.

Сахалінская ўправа гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя 11 лютага папярэджвала, што ў затоцы Мардвінава — менавіта там утварылася трэшчына — «размяшчаецца дрэйфуючы лёд», у сувязі з чым МНС апублікавала ў Telegram папярэджанне аб забароне выходзіць на лёд.

Рыбакі, відаць, не азнаёміліся з гэтым.

Апошнія навіны