Кіраўнік Пентагона зрабіў шэраг заяў па Украіне
- 12.02.2025, 17:41
Піт Хегсет выказаўся аб NATO і вяртанні да межаў 2014 года.
Украіна не павінна спадзявацца, што пасля мірных перамоў яна зможа вярнуць «межы 2014 года». Таксама не варта разлічваць на сяброўства ў NATO. Пра гэта на пасяджэнні Кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны ў Брусэлі (фармат «Рамштайн») заявіў новы міністр абароны ЗША Піт Хегсет, якога цытуе Bloomberg.
З яго слоў, ЗША адданыя ідэі суверэннасці Украіны, але яе чаленства ў NATO не з'яўляецца рэалістычным.
«Пагоня за гэтай ілюзорнай мэтай толькі падоўжыць вайну і пацягне больш пакут», - сказаў ён.
Таксама Хегсет уважае за нерэальнае вяртанне Украіны да «межаў 2014 года», гэта значыць, да расейскага ўварвання ў Крым і на Данбас.
Гаворачы аб гарантыях бяспекі для Кіева, кіраўнік Пентагона выключыў магчымасць адпраўкі войск ЗША ва Украіну і падкрэсліў, што гэта Еўропе трэба «выйсці на арэну» і ўзяць на сябе адказнасць за бяспеку кантынента.