У Віцебску хлопчык плыў па рацэ за дзясяткі метраў ад берага
- 12.02.2025, 19:23
Яго ўдалося выратаваць.
Віцебскія ратавальнікі 12 лютага выязджалі на паведамленне аб дзіцяці ў рацэ Заходняя Дзвіна, якое тоне, расказалі ў МНС.
На месцы ратавальнікі ўбачылі хлапчука, які плыў па цячэнні і самастойна выбрацца не мог. Дзіця знаходзілася прыкладна за 40 м ад берага.
Хлопчыка клічуць Цімур. Яго сябар распавёў, што той скакаў ля краю рэчкі, дзе слабы лёд. А потым адбыўся «бульк вялікі».
«Пры дапамозе выратавальнай лодкі яго дасталі з вады, даставілі на бераг і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. З папярэднім дыягназам «агульнае пераахаладжэнне» дзіця шпіталізавалі», - распавялі ў МНС.