У Беларусі - скачок цэн прадуктаў
- 13.02.2025, 9:31
Стала вядома, якія пазіцыі апынуліся ў лідарах падаражэння.
У Беларусі ў студзені гэтага года цэны харчовых тавараў, паводле звестак Белстата, выраслі на 1% да снежня 2024-га. Гэта дастаткова высокі месячны паказчык. "Зеркало" паглядзела, што больш за ўсё падаражэла з прадуктаў за студзень.
Гародніна падаражэла найбольш прыкметна
У лідарах у росце коштаў у мінулым месяцы быў «баршчавы» набор: буракі дадалі на 12,5%, свежая белакачанная капуста - на 12,2%, морква - на 11,9%, цыбуля - на 9,2%, бульба - на 7,8%.
Нагадаем, у Беларусі дзейнічае абмежаванне на падвышэнне раздробных цэн некаторых прадуктаў. Сярод іх - агуркі, яблыкі, цыбуля, белакачанная капуста, бульба, буракі і морква.
Што яшчэ апынулася ў топе ў росце коштаў
Глазураваныя цукеркі падаражэлі за мінулы месяц на 6,2%. Вінаград дадаў на 6,1%, яблыкі - на 5,8%.
Селядзец стаў даражэйшы на 5,5%, шакалад — на 4,6%, алей (акрамя аліўкавага) — на 4,4%, какава-парашок — на 4,3%.
Прыкметна выраслі ў кошце некаторыя кашы. Напрыклад, груца - на 3%, манная - на 2,6%, а кукурузныя шматкі - на 2,2%.
Якая сітуацыя з коштамі мяса, рыбы і малака
Рыба і рыбныя прадукты за студзень сталі даражэйшымі на 1,3%. Мяса і мясапрадукты дадалі ў кошце на 0,1%, а малочныя - патаннелі на 0,1%.