Зяленскі падпісаў указ аб санкцыях супраць Парашэнкі і Каламойскага
- 13.02.2025, 12:38
Санкцыі ўключаюць у сябе блакаванне актываў на тэрыторыі Украіны ды іншыя эканамічныя меры.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чацвер падпісаў указ, якім увёў у дзеянне прынятую напярэдадні пастанову Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны аб увядзенні санкцый супраць былога прэзідэнта краіны Пятра Парашэнкі і яшчэ шэрагу асоб - буйных бізнэсоўцаў.
Пад санкцыі, якія носяць бестэрміновы характар, патрапілі мільярдэр Ігар Каламойскі, які знаходзіцца пад вартай, былы суўладальнік «Прыватбанка» Генадзь Багалюбаў, бізнэсовец Канстацін Жэвага і былы лідар партыі «Апазіцыйная платформа за жыццё», які зараз жыве ў Расеі і абвінавачаны ва Украіне ў дзяржаўнай здрадзе Віктар Медзвядчук.
Санкцыі ўключаюць у сябе блакаванне актываў на тэрыторыі Украіны і іншыя эканамічныя меры, а таксама пазбаўленне дзяржаўных узнагарод.
Пётр Парашэнка быў прэзідэнтам Украіны з 7 чэрвеня 2014 да 20 траўня 2019 года. У 2019 годзе ён саступіў на выбарах Зяленскаму. Парашэнка з'яўляецца лідарам апазіцыйнай партыі "Еўрапейская салідарнасць" і дэпутатам Вярхоўнай рады. Гэта адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў Украіны.
Згодна з рэйтынгам выдання Forbes у 2020 годзе Парашэнка заняў трэцяе месца сярод самых багатых людзей Украіны з капіталам 1,4 млрд даляраў. У сакавіку 2021 года яго багацце было ацэненае на 1,6 млрд даляраў.