BE RU EN

Сын Асада расказаў пра ўцёкі з Дамаска

  • 13.02.2025, 14:56

Пастанова была прынятая ў апошні момант.

Хафіз Асад, сын зрынутага сірыйскага дыктатара Башара Асада, апублікаваў у Telegram відэаролік, у якім пацвярджае, што старонка сапраўды належыць яму. Асад, які сфатаграфаваў сябе на адной з маскоўскіх вуліц, заяўляе, што ў яго няма старонак у іншых сацыяльных сетках, піша newsru.co.il.

На днях на гэтай жа старонцы быў апублікаваны допіс па-ангельску і па-арабску, у якім Хафіз апісаў абставіны ўцёкаў сям'і ў Маскву. Ён распавёў, што ўцёкі былі незапланаваныя, а ў прэзідэнцкім палацы пачалі хвалявацца, толькі даведаўшыся, што ўрадавыя войскі пакінулі Хаму. Да гэтага ў сталіцы былі чутныя аўтаматныя чэргі, але ў іх не бачылі нічога экстраардынарнага.

Ніхто і не думаў з'язджаць з Дамаска, але ўначы да Асада прыбыў высокапастаўлены расейскі прадстаўнік, які папрасіў яго перабрацца на некалькі дзён у Латакію - маўляў, у сталіцы становіцца небяспечна, а вайсковымі дзеяннямі можна кіраваць і з прыморскага горада.

Прыехаўшы ў аэрапорт а трэцяй гадзіне ночы, яны ўбачылі іншых чальцоў клана Асадаў, у тым ліку і брата прэзідэнта Махіра Асада. На расейскім самалёце яны перабраліся на авіябазу Хмеймім. Тут яны атрымалі інфармацыю, што ўрадавыя войскі пакідаюць паз цыі. Паводле Хафіза, у гэты час паўстанцы пачалі абстрэл базы, якая знаходзілася пад расейскім кантролем, дронамі-камікадзэ.

Днём 8 снежня прадстаўнікі расейскага камандавання паведамілі, што ёсць непасрэдная небяспека захопу базы. Пасля нарады з расейскай стараной была прынятая пастанова вылецець у Маскву.

Апошнія навіны