Зяленскі: Санкцыі з Парашэнкі могуць быць знятыя, але ёсць умова
- 13.02.2025, 18:02
Прэзідэнт Украіны заявіў, што палітык «вывеў мільярды за мяжу».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі патлумачыў прычыну ўвядзення санкцый супраць экс-прэзідэнта і народнага дэпутата Пятра Парашэнкі і назваў умову, пры якой іх могуць зняць.
Пра гэта ён заявіў падчас наведвання Хмяльніцкай АЭС, паведамляе «Суспільне».
Ён падкрэсліў, што санкцыі ўведзеныя праз вывад мільярдаў грыўняў падчас вайны, і гэта не апошняя пастанова такога характару.
«Я проста здзіўлены, што раней фінманіторынг нічога нам не паказваў. Я гэта не бачыў, а як было да мяне, цяжка сказаць. Цяпер Служба бяспекі і фінманіторынг паказваюць мільярды. І ўсе гэтыя людзі, Медзвядчук і Парашэнка - яны партнёры ў гэтым кейсе, але я не хачу абвінавачваць, гэта робяць суды. І гэта ж не тое, што нехта там за кратамі праз санкцыі. Санкцыі - гэта абмежаванне на сёння выкарыстоўваць тыя ці іншыя грошы, якія былі заробленыя вось такім незаконным шляхам», - сказаў прэзідэнт.
З яго слоў, ёсць інфармацыя аб магчымым адмыванні грошай праз фонды, прызначаныя для падтрымкі Узброеных сіл, з наступнай перадачай сродкаў сябрам партыі.
Зяленскі таксама адзначыў, што асобы, якія трапілі пад санкцыі, могуць вярнуць выведзеныя сродкі ў бюджэт. У такім выпадку яны будуць накіраваныя на патрэбы войска, а санкцыі будуць знятыя.