Беларус паказаў незвычайны спосаб, як адагрэць лабавое шкло пры маразах
- 13.02.2025, 18:21
Ролік ужо набраў больш за паўмільёна праглядаў.
У TikTok з'явілася відэа, на якім аўтар паказаў, як хутка «размарозіць» лабавое шкло аўтамабіля, калі на вуліцы мінусавая тэмпература. Ролік ужо набраў больш за паўмільёна праглядаў і блізу чатырох з паловай тысячаў лайкаў. А каментатары нагадалі пра адзін штраф, піша «Тэлеграф».
Паводле словаў аўтара відэа, калі апускаць «брылі», якія абараняюць вочы кіроўцаў ад яркага сонечнага святла, то «лабавое шкло размарожваецца хутчэй».
У відэа аўтар роліка паказаў, як апусціў «казырок» з боку кіроўцы, уключыў вентылятар на прадзьмух і печку на максімум. З боку пасажыра «казырок» мужчына пакінуў у яго стандартным становішчы.
«Праз пэўны час глядзім. Там, дзе казырок апушчаны, лабавое шкло адмярзае зверху, з пасажырскага – снегу больш. Адназначна працуе, карыстайцеся», – сказаў аўтар роліка, пры гэтым не ўдакладніўшы, колькі часу спатрэбілася на гэтую працэдуру.
Між тым у каментарах да відэа некаторыя карыстальнікі нагадалі пра штраф за прагрэў. Іншыя ж напісалі пра функцыю падагрэву шкла.
Калі рухавік машыны працуе даўжэй за пяць хвілінаў, то можна атрымаць штраф памерам да адной базавай велічыні (42 рублі цяпер).
«Уключыць шклоабаграванне, хвіліна часу – і паехаў», – напісаў адзін з карыстальнікаў сацсеткі.
«У каго шкло з абаграваннем, няма такіх праблемаў», – заўважыў яшчэ адзін каментатар.