Мянчук распавёў, колькі трэба грошай, каб пачаць працаваць у таксі
- 4.02.2025, 16:24
Сума ўражвае.
У TikTok амаль на паўмільёна праглядаў стала папулярным відэа карыстальніка пад нікам Tax4Soul. У ім ён падрабязна расказаў, колькі трэба патраціць грошай у Менску для старту ў таксі, калі ў вас ужо ёсць уласны аўтамабіль. Увагу на ролік звярнуў CityDog.
Са слоў менчука, першы крок - гэта тэхагляд. Калі аўтамабілю больш за пяць гадоў, яго трэба праходзіць кожныя паўгода, калі менш - раз на год. Кошт - 40 рублёў.
Пасля гэтага трэба абавязкова набыць магніты з сімволікай таксі (амаль 200 рублёў), шашку на дах (35 рублёў) і двухбаковы відэарэгістратар (250 рублёў), да якога спатрэбяцца дзве флэшкі (па 75 рублёў кожная). Таксама спатрэбіцца і бэйдж (амаль 20 рублёў), дзе будуць указаныя ўсе звесткі кіроўцы.
«Можна набыць шашку на Wildberries ці Ozon, але чытайце водгукі! Некаторыя ляцяць на суседняе аўто пры першым жа парыве ветру», - папярэджвае кіроўца.
Таксама беларус нагадаў і пра страхоўку. Са слоў менчука, «поліс тыпу A6 для таксістаў каштуе блізу 150 еўраў, а без гэтай страхоўкі пры ДТЗ страхавая можа вам адмовіць у выплаце».
Аднак апроч аўтамабіля, падрыхтоўку павінен прайсці і сам кіроўца. Блогер у відэа назваў гэтыя дакументы і іх прыблізны кошт:
- Медыцынская даведка з правам найму - 65 рублёў.
- Дакумент таксіста - 50 рублёў.
- Курсы павышэння кваліфікацыі (калі стаж кіравання меншы за 3 гады) - 500 рублёў.
«Пасля гэтага ідзём у рэестр пасажырскіх перавозак. Адна базавая адзінка за занясенне кіроўцы, дзве - за аўтамабіль. І толькі пасля гэтага можна пачынаць працаваць», - тлумачыць таксіст.
Але ёсць і дадатковыя выдаткі
Каб браць пасажыраў не толькі па безнаяўнай аплаце, але і за гатоўку, патрэбны таксометр. «Не думайце, што вам яго паставіць парк, - рыхтуйце мінімум 700 рублёў. А калі не пашанцуе - яшчэ плюс 50-100 за ўстаноўку», - кажа кіроўца ў сваім відэа.
А калі хочацца абараніць свой аўтамабіль, то давядзецца афармляць КАСКО (гэты тып страхавання кампенсуе страты, якія могуць узнікнуць праз ДТЗ, крадзёж, прыродныя катаклізмы і іншыя непрадбачаныя сітуацыі). «На мой аўтамабіль выходзіць 2500 рублёў за год. Так, нятанна. Але затое можна не перажываць», - дзеліцца ён.
Але і гэта не канец выдаткаў. «Калі вы думаеце, што далей толькі заробак, - нагадваю пра камісіі. «Яндэкс» забірае 23%, парк - 17%. Разам 40% з кожнай замовы!» - удакладняе аўтар відэа.
У канцы відэа ён выдзяляе тры катэгорыі кіроўцаў таксоўкі:
«Працоўны» - мінімальны набор: дакументы, страхоўка і праца толькі па безнаяўным разліку (амаль 1966 рублёў).
«Паспяховы» - усё тое ж самае, але з таксометрам, што дазваляе браць пасажыраў гатоўкай (амаль 2789 рублёў).
«Свой бізнэс» - поўны камплект з КАСКО. У такім выпадку таксаваць можна «для душы» (амаль 5289 рублёў).
Відэа менчука ўсяго за дзень набрала больш за 498 тысяч праглядаў. У каментарах пад відэа некаторыя карыстачы пагадзіліся з разлікамі блогера, але нагадалі, што ў іх не ўлічаныя падаткі, паліва і рамонт аўтамабіля.
А сам аўтар відэа ў каментарах пагадзіўся, што праца ў таксі мае шмат нюансаў. «Раней можна было абыходзіць падаткі, але зараз з гэтым складаней».