BE RU EN

Як працуе адціснуты лукашыстамі ў прыватнікаў завод у Мёрах

  • 4.02.2025, 16:41

Ён моцна адстае ад першапачатковых планаў.

Мёрскі металапракатны завод, які раней улады адабралі ў прыватнікаў з ініцыятывы Лукашэнкі, у асноўным прадае сваю прадукцыю ў Расею. Пры гэтым прадпрыемства прыкметна адстае ад першапачатковых планаў, піша «Зеркало».

Мёрскі металапракатны завод робіць белую бляху, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці кансервавых слоікаў, вечкаў, дроту, аэразольных балонаў і розных ёмістасцяў, напрыклад для фарбы.

У 2024 годзе гэтая фабрыка выпусціла 72 тысячы тон прадукцыі. З іх толькі пятую частку прадалі на ўнутраным рынку, астатняе пайшло ў іншыя краіны. 80% экспарту арыентаванае на Расею.

- Беларускім спажыўцам (Рагачоўскі і Глыбоцкі малочна-кансервавыя камбінаты, прадпрыемствы «Магол», «Унібокс» і іншыя) адгружаем 20% вырабленай прадукцыі, закрываючы большую частку айчыннага рынку ў сваёй нішы, - заявіў генеральны дырэктар «Металапракатнай кампаніі» Сяргей Ісаеў.

Сярод іншых краін, куды прадпрыемства пастаўляе бляху, ён назваў Арменію, Казахстан, Егіпет і Турцыю, таксама пачалі яе прадаваць ва Узбекістан. Плануецца пачаць продажы ў Пакістан.

Сёлета завод хоча павялічыць вытворчасць да 85 тысяч тон. Гэта больш сціплыя планы, чым кіраўніцтва агучвала год таму. Тады заяўлялася, што ў 2025-м зробяць 120 тысяч тон белай бляхі. А калі прадпрыемства з ініцыятывы Лукашэнкі толькі «адціснулі» ў бізнэсоўцаў, планы былі вырабляць па 150 тысяч тон за год.

Як развівалася гісторыя з нацыяналізацыяй прыватнага завода

Бізнэсовец Аляксей Кавалёнак і яго партнёры запусцілі Мёрскі металапракатны завод у 2020 годзе. Інвестыцыі склалі 200 млн еўраў. У тым жа годзе «ММПЗ-груп» падпісала спонсарскі кантракт з адной з вядучых гоначных каманд «Формулы-1» McLaren.

У чэрвені 2021 года, незадоўга да візіту на прадпрыемства ў Мёрах Лукашэнкі, сілавікі затрымалі яго кіраўнікоў. Пасля гэтага чыноўнікі ўзяліся «ратаваць» прадпрыемства. У выніку ў 2022 годзе ўсе актывы і пазыкі Мёрскага металапракатнага завода перайшлі новай дзяржаўнай фірме, яе заснаваў «Белколермет». У жніўні таго ж года Лукашэнка заявіў аб нацыяналізацыі завода «ў сувязі з тым, што прыватнікі не выканалі свае абавязацельствы», тады палітык абурыўся, што «ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута».

У лістападзе 2022 года завод у Мёрах перадалі створанаму дзяржпрадпрыемству

«Металапракатная кампанія», якая працуе пад брэндам Tinergy. Яна падпарадкоўваецца «Белколермету». Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівае, што ў дзяржаўных руках завод працуе паспяхова, з «упэўненасцю ў заўтрашнім дні». Аднак на пастанову саўміна прадпрыемства не публікуе фінансавую справаздачнасць.

Што датычыцца «Беларусбанка», то ён удзельнічаў у фінансаванні набыцця асноўнага тэхналагічнага абсталявання. У 2015 годзе кампанія брала крэдыт для фінансавання паставак тэхналагічнага абсталявання з Нямеччыны. «Падпісаныя крэдытныя дамовы на агульную суму 106,2 млн еўраў за кошт рэсурсаў нямецкага банка AKA Ausfuhrkredit-Gesellschaft mbH», – паведамляла прэс-служба банка. Для гэтага «Беларусбанк» прыцягваў рэсурсы нямецкіх банкаў. На заводзе ўдакладнялі, што крэдыты бралі на 10 гадоў «пад беспрэцэдэнтна нізкую адсоткавую стаўку» і без прыцягнення гарантый урада Беларусі.

На аўкцыёне неаднаразова спрабавалі прадаць маёмасць «ММПЗ-груп» на суму амаль 1,5 млн рублёў. У апошні раз - 3 лістапада 2023 года. Аднак таргі не адбыліся, не знайшлося ахвочых набыць маёмасць, вынікае са звестак Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак аб банкруцтве.

У сярэдзіне студзеня 2024 года ў Эканамічным судзе Віцебскай вобласці скончылі ліквідацыйную справу кампаніі «ММПЗ-груп». Гэта значыць, што фірму, прызнаную банкрутам, закрываюць.

Апошнія навіны