Збанкрутавала кампанія, якая кіравала вядомай сеткай супермаркетаў для дзяцей
- 4.02.2025, 18:37
У яе шматмільённыя завінавачанасці.
У Эканамічным судзе Менскай вобласці 24 студзеня прызналі банкрутам кампанію ДПМ. Гэта вынікае са звестак, апублікаваных у Адзіным дзяржрэестры звестак аб банкруцтве. Гэтая фірма кіравала сеткай супермаркетаў для дзяцей "Буслік", піша «Зеркало».
Агульная сума пазык кампаніі складае 25,9 млн рублёў. Гэта выплаты работнікам, іншым фірмам, завінавачанасці за падаткі і крэдыты. Напрыклад, "Альфа-Банкк" кампанія вінна амаль 12,4 млн рублёў. А падатковай - 557 тысяч рублёў.
Між тым маёмасць і актывы ДПМ ацэньваюцца на 6,66 млн. З іх больш як 500 тысяч- гэта запазычанасць іншых кампаній перад ДПМ. Гэта значыць, што фірма не ў стане расплаціцца за завінавачанасць.
Суддзя прызнаў кампанію банкрутам і пастанавіў яго канчаткова ліквідаваць.
Гісторыя "Бусліка"
Першая крама "Буслік" адкрылася ў Менску ў 2006 годзе недалёка ад гандлёвага цэнтра "Рыга". Праз дзесяць гадоў у сеткі было ўжо больш за 40 гандлёвых аб'ектаў, і планавалася дайсці да 60 у 2017 годзе. Пры гэтым заснавальніку Сяргею Місячэнку прапаноўвалі прадаць бізнэс, але ён не пагаджаўся.
Пазней бізнэсмэн усё ж прадаў пакет прыкладна на 25% Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) для залучэння інвестыцый. У 2018 годзе блізу 90% сеткі, у тым ліку ўсю дзель ЕБРР, выкупіла польская кампанія CDRL. Паводле ўмовы ўгоды Місячэнка застаўся ў сетцы на пасадзе кіраўніка.
У 2023 годзе CDRL паведаміла, што ў "Бусліка" праблемы з фінансамі. Не паступіла плата за тавары з Польшчы, якія прадаваліся ў сетцы. Страты галаўной кампаніі з-за гэтага ацэньваліся на 1,7 млн. злотых (каля 1,4 млн. беларускіх рублёў).
Раней сетка была найбуйнейшай у сегменце дзіцячых тавараў у Беларусі. Цяпер у гэтым сектары дамінуе "Дзетмір" - даччыная структура расейскага "Дзіцячага міру". У гэтай сеткі ў нашай краіне 38 крам, і ніводная крама пакуль не закрывалася.
Аб стварэнні альтэрнатывы вядомай сетцы дзіцячага адзення "Буслік" у МАРТ заяўлялі яшчэ ў пачатку 2024 года. Тады разглядалі варыянт захавання старой назвы.
Асноўны ўладальнік кампаніі ДПМ, якая кіруе сеткай "Буслік", польскі CDRL у 2023 годзе паведаміў аб страце кантролю над даччыным прадпрыемствам у Беларусі. Тым не менш, паводле звестак Адзінага дзяржрэгістра на 24 траўня 2024 года, польская фірма ўсё яшчэ мела 74,9% акцый ДПМ, яшчэ 25,1% належаць беларускаму бізнэсоўцу Сяргею Місячэнку.
У красавіку мінулага года стала вядома, што сетка крам больш не працуе. Тады ж паведамлялася, што дзесяць расейскіх кампаній і адзін ІП падалі пазовы ў розныя арбітражныя суды РФ супраць ДПМ.
У студзені гэтага года на аўкцыён выставілі таварныя знакі вядомага брэнда, якімі валодае кампанія ДПМ. Калі пакупнік знойдзецца, то гандлёвая сетка пад гэтай назвай можа ажыць: у яе будзе новы ўладальнік.