Дом гомельскіх пенсіянераў двойчы закідвалі «кактэйлямі Молатава»
- 4.02.2025, 19:03
Прыватны дом атакавалі «спорцікі».
Калектары наркагандляроў, іх яшчэ называюць «спорцікамі», летам 2024 года тэрарызавалі сям'ю гомельскага пенсіянера. Праваахоўнікі ўзялі пад варту і завялі крымінальную справу на шасцярых чалавек, паведамляе ўправа Следчага камітэта Гомельскай вобласці.
Гэтыя «спорцікі» працавалі на арганізаваную групу наркагандляроў Scorpion. Спачатку на справу пайшоў 26-гадовы жыхар Гомеля, які быў у пазыках і крэдытах і шукаў падпрацоўку. У мэсэнджэры яму скінулі адрас прыватнага дома і тайнік, дзе знаходзіліся прадметы для вырабу самаробных запальных прылад. Уначы 29 чэрвеня мужчына, быў нецвярозы, кінуў у акно дома тры «кактэйлі Молатава». У пакоі, дзе спаў 63-гадовы гаспадар дома, пачаўся пажар, які ў выніку тушылі ўсёй сям'ёй. Гаспадар дома з апёкамі апынуўся ў лякарні. Ягоная жонка, дачка і ўнучка не пацярпелі.
Падпальшчык атрымаў ад куратара ўзнагароджанне значна меншае за абяцанае і яшчэ адно заданне - падпаліць прадуктовую краму і забраць са схованкі буйную закладку альфа-PVP для далейшага збыту. Закладку мужчына забраў, а краму падпаліць не паспеў, быў арыштаваны.
Праз некалькі дзён у гэтым жа доме зноў успыхнуў пажар. Другі раз па заданні наркашопа «кактэйлі Молатава» ў дом кінуў 43-гадовы кур'ер з Магілёўскай вобласці. Загарэлася акно і двор. Але полымя не разгарэлася і само згасла. У тую ноч у доме начавалі пенсіянерка з дачкой і ўнучкай.
Уначы 10 ліпеня да гэтага ж дома прыехалі яшчэ трое падпальшчыкаў, ужо жыхароў Калінкавіч 23-х, 21-га і 19 гадоў. Перад тым, як пайсці на справу, мужчыны патрэніраваліся ў кідках «кактэйляў Молатава» ў лесе. Старэйшы планаваў зняць усё на відэа, але заўважыўшы ля дома аператыўнікаў, уцёк. Ягоных прыяцеляў затрымалі на месцы.
Паводле крымінальнай справы праходзіць яшчэ адзін завербаваны 39-гадовы работнік наркамаркета з Гомеля, які павінен быў падпаліць краму, але дзверы, аблітыя для распалу, агню не паддаліся. А вось «кар'ера» трафарэтчыка была ў мужчыны крыху больш паспяховай: за вечар мужчына нанёс рэкламныя надпісы наркамаркета на дзясяткі гомельскіх аб'ектаў.
«Наркашоп метадычна нацкоўваў «спорцікаў» на паджылую шлюбную пару. Куратары шукалі выканаўцаў на падпал дома і гандлёвых аб'ектаў, якія, на іх думку, належалі мужу і жонцы», - адзначылі ў СК.
Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў усе «спорцікі» былі затрыманыя і ўзятыя пад варту. Паводле крымінальнай справе праведзены комплекс следчых дзеянняў.