BE RU EN

Замест БТР і танкаў аслы і коні: войска РФ пераходзіць на конны транспарт

  • 5.02.2025, 8:19

Тэхнікі не стае.

Праз вялізныя страты браняванай тэхнікі на полі бою расейскія вайскоўцы пачалі перасаджвацца на аслоў і коней. Пра гэта піша Forbes.

Журналісты адзначылі, што страты расейскай тэхнікі ва Украіне перавысілі 15 000 адзінак. Пры гэтым вытворчасць новай тэхнікі адставала, а запасы старой тэхнікі часоў халоднай вайны скончыліся ў канцы 2024 года, што і прымусіла расейскія войскі ўрэшце перасаджвацца на коней.

Аўтары матэрыялу прыгадалі відэа, якое распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках. На ім двое расейскіх жаўнераў едуць верхам на конях.

«Расейскія механізаваныя палкі страчваюць бранятэхніку з хуткасцю 6 000 адзінак на год. Гэта зашмат для расейскіх заводаў, каб іх замяніць. Расея вырабляе блізу 200 новых баявых машын БМП-3 і 90 новых танкаў Т-90М кожны год, а таксама некалькі сотняў іншых новых браняваных машын, у тым ліку колавыя баявыя машыны БТР-82», - гаворыцца ў матэрыяле.

На працягу першых двух гадоў вайны Крэмль паспяхова папаўняў разрыў паміж стратамі і вытворчасцю, здабываючы старую тэхніку часоў халоднай войны з доўгачасовага захоўвання. Але зараз нават гэтыя запасы вычэрпваюцца.

«Паколькі бронемашыны, нават вельмі старыя, становяцца ўсё больш рэдкімі на расейскай службе, усё больш расейскіх штурмавых груп перасоўваюцца на цывільных фургонах і кампактных аўтамабілях. Наступнымі могуць быць коні», - адзначылі журналісты.

Такая «дэмеханізацыя» робіць расейскую пяхоту ўразлівай перад украінскай артылерыяй і прыводзіць да вялікіх страт.

У той жа час журналісты падкрэслілі, што гэта не азначае, што Расея саступае ў вайне, бо сур'ёзныя праблемы перажывае і Украіна.

«Расейскія войскі нясуць вялікія страты. Аднак яны працягваюць прасоўвацца на многіх кірунках, дзе ўкраінская абарона расцягнутая праз нястачу жывой сілы - і дзе Расея змагла сканцэнтраваць больш сілы», - адзначылі аўтары матэрыялу.

Апошнія навіны