У Еўрапарламенце пракаментавалі вызваленне Паліны Шарэнды-Панасюк
- 5.02.2025, 17:26
Брусэь заклікае да вызвалення ўсіх палітычных вязняў.
Дэпутаты Еўрапейскага парламента выдалі заяву ў сувязі з вызваленнем актывісткі грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Паліны Шарэнды-Панасюк.
Ініцыятарамі заявы выступілі кіраўнік Камітэта замежных спраў Дэвід МакАлістэр, сталы дакладчык аб Беларусі Гельмут Брандштэтэр і старшыня дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска. Сайт Charter97.org падае пераклад дакумента:
— Мы з вялікай палёгкай успрынялі вестку аб вызваленні выдатнай беларускай апазіцыянеркі Паліны Шарэнды-Панасюк, актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Арыштаваная 3 студзеня 2021 года, Паліна Шарэнда-Панасюк правяла чатыры гады і адзін месяц у папраўчай калоніі ў Беларусі, дзе ўтрымлівалася ў невыносных варунках, падпадала пад катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. За гэтыя гады яе неаднаразова змяшчалі на працяглы час у адзіночную камеру без доступу да належнай медыцынскай дапамогі, што з'яўляецца грубым парушэннем міжнародных абавязанняў Беларусі.
19 студзеня 2024 года Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын ААН (CEDAW) распачаў беспрэцэдэнтныя захады пасля скаргі яе мужа, Андрэя Шарэнды, супраць беларускага рэжыму аб дыскрымінацыі і незаконным пазбаўленні волі. Камітэт запатрабаваў ад Беларусі «неадкладна зрабіць пільныя захады для забеспячэння паўнавартаснага і належнага медыцынскага догляду Паліны Шарэнды-Панасюк, а таксама гарантаваць абарону яе жыцця, фізічнай і псіхічнай недатыкальнасці», што стала знакавым прэцэдэнтам у практыцы Камітэта ў дачыненні да Беларусі.
Мы вітаем гэтую падзею як важны крок да развязання праблемы парушэнняў правоў чалавека. Аднак наша ўстурбаванасць застаецца па-ранейшаму глыбокай. Сёння мы зноў падкрэсліваем нашу сур'ёзную ўстурбаванасць лёсам тысяч беларусаў, якія знаходзяцца ў турмах з палітычных матываў, дзе яны ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах, падпадаюць пад катаванні, пазбаўленыя медыцынскай дапамогі і абмежаваныя ў кантактах з сем'ямі і адвакатамі.
Мы паўтараем наш заклік да ЕЗ і яго дзяржаў-сябраў:
Падтрымліваць палітычных вязняў і іхнія сем'і;
Увесь час патрабаваць іхняга неадкладнага і безумоўнага вызвалення;
Спрасціць візавыя працэдуры для беларусаў, якія ратуюцца ад рэжыму.
Мы настойліва заклікаем ЕЗ і яго партнёраў далей чыніць ціск на рэжым, у тым ліку:
Павялічваць і ўзмацняць санкцыі супраць асоб і арганізацый, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі;
Прыцягваць да адказнасці вінаватых у суўдзеле Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны
Адмысловую ўвагу надаць праблеме прымусовай працы палітычных вязняў.