BE RU EN

Турцыя выпрабавала ў Чорным моры ракету, якая дастае да Крыма

  • 5.02.2025, 20:21

Відэа.

Турцыя правяла трэцяе ў ліку выпрабаванне балістычнай ракеты Tayfun («Тайфун») – самай дальнабойнай у арсенале краіны. Пуск быў праведзены 3 лютага з мабільнай устаноўкі ў аэрапорце Рызе-Артвін на ўзбярэжжы Чорнага мора, паведамляе DHA. Тэст прайшоў паспяхова. Ракета здолела пераадолець 500 км і падбіць малапамерную мішэнь у марской акваторыі. Пры гэтым у мэтах бяспекі ўлады спынялі паветраны і марскі рух у радыусе 700 км.

Прэзідэнт Агенцтва абароннай прамысловасці краіны Халук Гёргюн адзначыў, што выпрабаванне пацвердзіла эксплуатацыйныя характарыстыкі Tayfun, назваўшы гэта важнай вяхой у развіцці дальнабойнага ракетнага патэнцыялу Турцыі. Ён падкрэсліў, што запуск зрабіў значны ўнёсак у працэс распрацоўкі. Папярэднія выпрабаванні адбыліся тамсама ў кастрычніку 2022 і траўні 2023 года і таксама былі паспяховымі. Tayfun ствараўся на базе тактычнай балістычнай ракеты Bora. Распрацоўкай займаецца турэцкая дзяржаўная абаронная кампанія Roketsan. У верасні летась яна раскрыла характарыстыкі Tayfun, паводле якіх мінімальная далёкасць пуску складае 280 км. Гэтага даволі, каб дасягнуць берагоў Крыма: ад Турцыі да паўвострава блізу 270 км праз мора наўпрост. У той самы час Roketsan працуе над мадыфікацыяй ракеты, каб дамагчыся максімальнай далёкасці палёту 1000 км.

Tayfun мае даўжыню 6500 м і вагу 2300 кг. Абсталяваная перадавой сістэмай навядзення, якая забяспечвае высокую дакладнасць, яна можа збіваць цэлі нават ва ўмовах перашкодаў, створаных сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, ці збояў у працы GPS. Таксама ракета здольная развіваць гіпергукавую хуткасць, што дазваляе ёй ухіляцца ад складаных сродкаў супрацьпаветранай абароны. Снарад паступіў у серыйную вытворчасць пасля другога паспяховага выпрабавання ў сярэдзіне 2023 года.

Апошнія навіны