Зяленскі: Пуцін будзе спрабаваць зацягнуць Беларусь у вайну
- 5.02.2025, 20:26
Паводле словаў прэзідэнта Украіны, гэта адбудзецца ўжо сёлета.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін збіраецца сёлета размясціць войскі ў Беларусі і паспрабаваць уцягнуць краіну ў вайну. Сярод іншага, ён можа пагражаць адтуль Польшчы ці краінам Балтыі.
Пра гэта заявіў журналістам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля прэс-канферэнцыі з кіраўніком МЗС Вялікай Брытаніі Дэвідам Лемі.
«Краіны самі павінны вызначаць, колькі плаціць (гаворка пра ўзровень абаронных выдаткаў да ВУП – заўв.). Гэта для іх бяспекі. З амбіцыямі Пуціна, сёння мы бачым, што ён робіць усё, каб прадаўжаць гэтую вайну. Ён будзе ісці далей, будзе думаць пра іншыя краіны», – сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны выказаў упэўненасць, што Пуцін будзе правакаваць іншыя краіны. На ягоную думку, наступнай можа быць Польшча ці Балтыйскія краіны.
«Гэта не проста рыторыка чарговая. Вы ўбачыце вясной, летам ці восенню ён будзе размяшчаць сілы на тэрыторыі Беларусі. І шмат якія еўрапейцы, а можа і ЗША, будуць гаварыць, што гэта запалохванне. Гэта запалохванне Польшчы, запалохванне Літвы і іншых Балтыйскіх партнёраў», – падкрэсліў Зяленскі.
Ён адзначыў, што не ведае, ці будзе ўварванне ў гэтыя краіны, але ў любым выпадку расейскі дыктатар такім чынам зацягне Беларусь у вайну.
«Хоць, на маю думку, яны ўжо былі ў вайне. Але іх людзі не, іх войска не. Пакуль што. Але Пуцін гэтага вельмі хоча. Таму, я думаю, што трэба рабіць усё, каб яго спыніць», – падкрэсліў прэзідэнт.
Нагадаем, рэжым Лукашэнкі дапамагае Расеі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. На тэрыторыі Беларусі размяшчаюцца войскі РФ, авіяцыя і іншая тэхніка, праводзяцца рэгулярныя ваенныя вучэнні.
Акрамя таго, дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляў пра нібыта размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі і ракеты «Арэшнік».
Сёння Уладзімір Пуцін унёс на ратыфікацыю ў Дзярждуму дамову аб гарантыях бяспекі з Беларуссю. Дакумент, сярод іншага, прадугледжвае ўжыванне ядзернай зброі.