Адзіны авіяносец Расеі «Адмірал Кузняцоў» можа ўжо не выйсці з рамонту
- 6.02.2025, 8:21
На яго аднаўленне выдаткаваныя вялізныя сродкі.
Расейскі авіяносец «Адмірал Кузняцоў», які ўжо 7 гадоў знаходзіцца на рамонце, можа ўжо ніколі не быць адрамантаваны і выйсці ў мора. Знішчальнікі Су-33, якія ўваходзілі ў авіягрупу судна, зараз выкарыстоўваюцца краінай-агрэсаркай для суправаджэння стратэгічных бамбавальнікаў Ту-95МС.
Пра гэта паведамляе Defence Express.
У профільным выданні звярнулі ўвагу, што частка расейскіх пілотаў, якія здольныя ўзлятаць з палубы авіяносца, ужо на пенсіі, а іншыя выконваюць «значна больш лёгкія палёты з сушы», і ім трэба зноў праходзіць навучанне для напрацоўкі навыкаў узлёту-пасадкі на палубу. Такое перапраходжанне патрабуе аднаго года.
Пры гэтым «Адмірал Кузняцоў» з'яўляецца адзіным авіяносцам, які мае Расея, адпаведна для прапаганды краіны-агрэсаркі гэты карабель мае вялікае значэнне, і «таму расейцы марнуюць вялізныя сродкі на яго аднаўленне і больш хуткае ўвядзенне ў эксплуатацыю».
Таксама ў Defense Express адзначаюць, што ў РФ планавалі вывесці з рамонту «Кузняцова» яшчэ летась, і крамлёўскія СМІ пісалі аб пачатку працэсу падрыхтоўкі пілотаў для гэтых самалётаў.
Разам з тым адзіная трэніровачная пляцоўка для такой падрыхтоўкі размешчаная каля акупаванага горада Сакаў у Крыме. Таму самалёты Су-33 мусілі б знаходзіцца там. Аднак выявілася, што такія знішчальнікі падрыхтоўку не праходзяць, а дагэтуль знаходзяцца на поўначы Расеі, і суправаджаюць Ту-95МС з аэрадрома «Аленья» ў Мурманскай вобласці.
Дадамо, паводле інфармацыі СМІ, РФ мае толькі блізу 17 адзінак Су-33, і ўсе гэтыя знішчальнікі раней уваходзілі ў склад авіягрупы «Адмірала Кузняцова». Пры гэтым у канцы 2023 года высветлілася, што такія самалёты спісалі на бераг для фармавання з іх асобнага змешанага авіякорпусу для Паўночнага флоту.
На думку рэдакцыі Defense Express, гэта, напрыклад, паказвала на «рэальны стан» авіяносца.
У профільным выданні прыйшлі да высновы, што ўлады РФ «працягнуць пілаваць грошы» на рамонце авіяносца, а сам «Адмірал Кузняцоў» і надалей будзе іржавець у доках на фоне рэальных тэмпаў рамонту і новых праблем з караблём, якія ўзнікаюць. Таму расейскі авіяносец «наўрад ці ўжо некалі выйдзе з рамонту».