Украінскі афіцэр: Будзе Менск «за тры дні»
- 6.02.2025, 15:02
Кіеў гатовы адказаць на пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расея размесціць на тэрыторыі Беларусі войскі, а потым пачне пагражаць Польшчы і краінам Балтыі. Беларусь, са слоў украінскага прэзідэнта, можа быць паўнавартасна ўцягнутая ў вайну.
Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да вайсковага эксперта, маёра запасу УСУ Аляксея Гецьмана:
- Пачну з таго, што гэта будуць не першыя расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі. Тыя ж разбітыя «вагнераўцы», якія засталіся пасля баёў за Бахмут, былі на рэабілітацыі ў вашай краіне. Для іх будавалі асобныя мястэчкі.
Таксама часта праводзяцца супольныя вучэнні расейска-беларускіх войск. Мы ведаем, што ў беларускім войску шмат расейцаў. Варта ўзгадаць і ракеты «Іскандэр» з ядзернымі боегалоўкамі, якія могуць быць размешчаныя ў Беларусі.
Калі ж зараз прэзідэнт Украіны гаворыць аб тым, што могуць быць размешчаныя войскі, хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе дадатковыя войскі. Магчыма, рыхтуецца ўдар ужо не па Украіне (украінска-беларуская мяжа дастаткова сур'ёзна абароненая), а па Сувальскім калідоры. Можа быць спроба нападу на Польшчу ці Літву. Гаворка ідзе не пра поўнамаштабныя баявыя дзеянні, а правакацыі, каб паглядзець на рэакцыю блока NATO.
Калі пралёты ракет над тэрыторыяй NATO не выклікаюць у іх нейкую рэакцыю, то паглядзім, як яны будуць рэагаваць на дыверсійныя дзеянні ці ўварванне.
Што да Украіны, то да нас, хутчэй за ўсё, Лукашэнка не захоча сунуцца. Бо яшчэ летам мінулага года ён нешта спрабаваў расказваць, яму адразу прыляцеў адказ з украінскага МЗС аб тым, што ёсць 51-ы артыкул статута ААН. Там дакладна пазначана, што такое агрэсія, якія дзеянні можа распачаць краіна, якая трапіла пад яе. А дзеянні вельмі простыя - усе вайсковыя цэлы на тэрыторыі агрэсара становяцца законнымі.
Яму аб гэтым нагадалі, дадалі, што калі будзе спроба, то будуць нанесеныя ўдары па вайсковых і адміністрацыйна-вайсковых аб'ектах Беларусі адразу ж. Ён жа бачыць, што адбываецца ў РФ, што нічога не можа яна зрабіць з украінскімі войскамі ў Курскай вобласці. На фоне гэтага Лукашэнка выдатна разумее, што беларускае войска слабейшае за расейскае, таму калі будзе спроба нас атакаваць з боку Беларусі, то ў адказ рушыць услед ракетны або дронавы ўдар. Калі яшчэ і войскі ўвядзём… Лукашэнка ж казаў пра «Кіеў за тры дні», тут ужо будзе «Менск за тры дні».
- Цяпер усе кажуць аб магчымых перамовах аб вайне ва Украіне. Ці можа ўзнікнуць пытанне аб дэмілітарызацыі Беларусі на гэтых перамовах?
- Нечаканае пытанне. Разумееце, кансультацыі ўвесь час праводзяцца, вядуцца перамовы. Абмяркоўваецца вялікая колькасць варыянтаў.
Ці будзе дэмілітарызацыя Беларусі? Скажу сапраўды, не ведаю, якая афіцыйная пазіцыя нашага вайскова-палітычнага кіраўніцтва. У мяне адказ вельмі просты - а якая розніца?
Падкрэслю, для нас Беларусь не складае пагрозы. Калі РФ распадзецца, перастане існаваць «саюзная дзяржава» і, нарэшце, беларусы ўзгадаюць, што яны - асобная дзяржава, то тады мы, украінцы, з вамі пасупрацоўнічаем і дапаможам стварыць вельмі магутнае беларускае войска.
Паверце, у нас ёсць для гэтага і досвед, і магчымасці. Цяпер жа гэта ўсё нас увогуле не палохае.