Азербайджан заявіў пра адпраўку РФ ноты аб закрыцці «Расейскага дому»
- 6.02.2025, 16:28
Прапагандысцкая ўстанова парушала заканадаўства краіны.
Баку 3 лютага 2025 года накіраваў Маскве ноту аб спыненні дзейнасці «Расейскага дому», паведаміў МЗС Азербайджана.
Ва ўстанове сцвярджаюць, што «Расейскі дом» – прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» ў Азербайджане – не зарэгістраваны як юрыдычная асоба, а арганізацыя «сур'ёзна парушыла заканадаўства» краіны.
Баку чакае, што расейскі бок пасля адпраўкі ноты ўжыве адпаведныя захады ў гэтым кірунку.
Стасункі паміж Масквой і Баку сталі напружанымі пасля крушэння самалёта азербайджанскай авіякампаніі AZAL, які ляцеў у Грозны. У канцы снежня Ільхам Аліеў абвінаваціў Расею ў катастрофе і паўтарыў свае сцвярджэнні ў пачатку студзеня: «Магу з упэўненасцю сказаць, што віна за тое, што азербайджанскія грамадзяне загінулі ў гэтай катастрофе, ляжыць на прадстаўніках Расейскай Федэрацыі. І мы патрабуем справядлівасці, мы патрабуем пакарання вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасці і чалавечых паводзінаў».