У Шэнгенскай зоне хочуць абмежаваць перамяшчэнне дыпламатаў РФ
- 6.02.2025, 17:19
Польшча падтрымала ідэю Чэхіі.
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі падтрымаў прапанову Чэхіі абмежаваць перамяшчэнне расейскіх дыпламатаў у Шэнгенскай зоне.
Пра гэта піша чэшскі вяшчальнік Radio Prague International.
Сікорскі заявіў, што Чэхія выступіла з добрай ідэяй, якую таксама падтрымліваюць спецслужбы многіх краінаў-чальцоў ЕЗ.
«Гібрыдная вайна Расеі з'яўляецца галоўнай пагрозай, і я заклікаю краіны-чальцоў прытрымлівацца парадаў сваіх спецслужбаў», – сказаў ён.
Як паведамляе вяшчальнік, кіраўнік МЗС Чэхіі Ян Ліпоўскі заявіў, што шмат шпіёнскай дзейнасці адбываецца пад дыпламатычным прыкрыццём, што з'яўляецца «агульнавядомым фактам».
Менавіта таму Чэхія патрабуе, каб расейскія дыпламаты атрымлівалі візы і дазволы на пражыванне, якія дазваляюць перасоўвацца толькі ў межах краіны знаходжання, а не па ўсёй тэрыторыі Шэнгенскай зоны.
Акрамя гэтага, Чэхія хоча, каб ЕЗ прымаў толькі біяметрычныя пашпарты, якія цяжэй падрабіць ці звязаць з фальшывымі асобамі.
Чэхія прапануе ўключыць абмежаванні на перамяшчэнне дыпламатаў з Расеі па Шэнгенскай зоне ў пакеты санкцый Еўразвязу з лета 2023 года, але пакуль ідэя не атрымала значнай падтрымкі.
У траўні 2024 года ўрад Чэхіі непублічна аднавіў заклікі забараніць расейскім дыпламатам свабодна перамяшчацца па тэрыторыі Еўрапейскага Звязу на фоне таго, як Прага і Берлін абвінавацілі Расею ў сістэматычных кібератаках.