Паліна Шарэнда-Панасюк – у Вільні!
- 6.02.2025, 18:49
Абноўлена) ( Вядомую апазіцыянерку сустракалі дзясяткі беларусаў.
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк прыехала ў Вільню. Яе сустрэлі дзясяткі беларусаў з кветкамі, нацыянальнымі сцягамі і прывітаннямі «Жыве Беларусь».
«Я засталася такой, як была. Нашая барацьба прадаўжаецца. На маім календары – жнівень 2020 года. Мы павінны скончыць пачатую справу, ствараць новую нацыю! Жыве Беларусь!» – заявіла журналістам Паліна.
Таксама актывістка «Еўрапейскай Беларусі» заклікала змагацца за вызваленне палітвязняў, якія застаюцца ў лукашысцкіх турмах.
«Нас увесь час трымалі ва ўмовах катаванняў. Увесь час, пачынаючы з восені 2021, калі нас першы раз кінулі ў СІЗА і ПКТ», – расказала журналістам Паліна.
Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» паведаміла пра дрэнны стан здароўя палітзняволенай Вікторыі Кульшы. Паліна Шарэнда-Панасюк мяркуе, што ў яе маглі адмовіць ныркі.
«Кульша некалькі разоў трымала галадоўкі з месяц, адмаўлялася ад вады, а таксама ўскрывала сабе вены», – расказала актывістка.
Кульшу часта кідаюць у СІЗА і ПКТ, яна амаль не выходзіць на свежае паветра.
«У ВК-24 засталася Вольга Маёрава, засталася Алена Гнаўк, Сітуацыя ў гэтых людзей вельмі катастрафічная. Іх трэба вызваляць», - заявіла Паліна Шарэнда-Панасюк.
Людзі скандавалі: "Жыве Беларусь!" Вядомая апазіцыянерка сказала, што "ўсе гэтыя гады за кратамі яна прадстаўляла момант, калі яе будуць сустракаць беларусы".
"Дзякуй і нізкі паклон усім тым людзям, якія ў Беларусі і за межамі Беларусі думалі пра мяне, клапаціліся і арганізоўвалі ўсю гэтую дапамогу", - сказала актывістка "Еўрапейскай Беларусі"
Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю 1 лютага. Фактычна яна правяла ў турме больш за чатыры гады.
Нагадаем, актывістку «Еўрапейскай Беларусі» затрымалі 3 студзеня 2021 года. 9 чэрвеня 2021 г. суд Маскоўскага раёна Берасця асудзіў яе да двух гадоў калоніі, пасля чаго ёй некалькі разоў дадавалі тэрмін.
Паліна Шарэнда-Панасюк адбыла ў калоніі фактычна чатыры тэрміны: маці дваіх дзяцей пасля вынясення першага прысуду тры разы падаўжалі турэмны тэрмін. Практычна ўвесь час за кратамі Паліна знаходзілася ў поўнай ізаляцыі. У калоніі ў яе моцна пагоршылася здароўе.