Зяленскі: Афіцыйнага мірнага плану Трампа яшчэ няма
- 6.02.2025, 20:05
Кіеў і Вашынгтон будуць працаваць над планам разам.
У прэзідэнта ЗША Дональда Трампа яшчэ няма афіцыйнага плану спынення поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пра гэта 6 лютага на брыфінгу заявіў кіраўнік Украінскай дзяржавы Уладзімір Зяленскі, яго цытуе «Інтэрфакс-Україна».
«Яго яшчэ афіцыйнага няма. Тое, што ёсць у тых ці іншых публікацыях [...] я ўпэўнены, што гэта не афіцыйны план прэзідэнта Трампа», – адзначыў Зяленскі.
Прэзідэнт расказаў, што ў яго ўжо ёсць візія плану і канкрэтныя рэчы абмяркоўваліся з амерыканскім бокам яшчэ да інаўгурацыі Трампа 20 студзеня.
«Нашы каманды будуць працаваць разам, не можа быць план асобна ад кагосьці, нават з боку Злучаных Штатаў, – падкрэсліў Зяленскі. – Дачакаемся ўсё ж нашых афіцыйных перамоваў і афіцыйных вынікаў».