BE RU EN

Беларускія навукоўцы стварылі аўтаматычны гатункавальнік яблыкаў на базе ШІ

  • 6.02.2025, 20:28

Як табе такое, Ілан Маск?

У Беларусі развіваюцца практычна ўсе сферы дзейнасці, звязаныя са штучным інтэлектам, расказаў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблемаў інфарматыкі НАН Сяргей Круглікаў. Ягоныя словы паведамляе БелТА.

«У галіне апрацоўкі выяваў наша каманда ўваходзіць у сусветны топ-10. У цяперашні час колькасць такіх камандаў па ўсім свеце складае больш за 2 тыс., і мы ў ліку найлепшых», – растлумачыў Круглікаў.

Так, у тым, што тычыцца аналізу медыцынскіх выяваў, напрыклад КТ і МРТ, беларускія навукоўцы ўваходзяць у 2% найлепшых.

Ёсць у беларусаў і распрацоўка, якая зацікавіць сельгас- і харчовыя прадпрыемствы. Навукоўцы стварылі сістэму аўтаматычнага гатункавання яблыкаў.

«Блізу 80 розных гатункаў яблыкаў, а таксама іх хваробы наша сістэма з даволі высокай дакладнасцю распазнае, адсейвае і гатункуе. Хуткасць высокая – прыкладна 2,5 т/г», – расказаў гендырэктар інстытута.

Візітнай карткай Інстытута праблемаў інфарматыкі Круглікаў назваў апрацоўку маўлення.

Паводле ягоных словаў, у беларускіх навукоўцаў ёсць платформа з больш як 70 сэрвісамі ў гэтым кірунку. Ёсць у тым ліку і беларускамоўны ШІ-асістэнт.

Апошнія навіны