Мянчанка стукнула мужа сякерай па галаве, але брыгаду хуткай дапамогі выклікала сабе
- 7.02.2025, 14:09
Інцыдэнт здарыўся ў Фрунзенскім раёне сталіцы.
У Менску 67-гадовая жанчына падчас застолля ўдарыла свайго мужа кухоннай сякерай па галаве. Нягледзячы на атрыманую траўму, мужчына адмовіўся ад напісання заявы, паведамляе прэс-служба пракуратуры.
Інцыдэнт здарыўся ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Па матэрыялах справы, падчас канфлікту жанчына нанесла мужу не менш за адзін удар, пасля чаго адчула сябе дрэнна і выклікала хуткую дапамогу. Медыкі агледзелі не толькі яе, але і мужа. У яго дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені.
Хоць пацярпелы не стаў звяртацца ў міліцыю, пракуратура распачала крымінальную справу, бо злачынства закранула значныя інтарэсы грамадства.
Следства пацвердзіла ўсе акалічнасці здарэння, і крымінальная справа перададзеная ў суд. Жанчына застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.