Палкоўнік УСУ: Лукашэнка выконвае ролю рупара Крамля
- 7.02.2025, 14:15
Што скажа Расея – тое ён і робіць.
У беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі няма інструментаў для вядзення вайны супраць Украіны. Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала FREEДОМ выказаў ваенны экспэрт, палкоўнік УСУ Сяргей Грабскі.
«Дыктатар Лукашэнка ніколі не будзе гатовы да вайны, бо ў яго проста нават няма інструментаў вядзення гэтай вайны. Давайце будзем шчырымі, калі разабрацца, то гаворка ідзе не пра войска Рэспублікі Беларусь, якое нібыта на паперы існуе, а гаворка ідзе пра беларускі корпус расейскага войска. І роля Лукашэнкі тут — роля такога рупара Крамля і не больш за тое. Што Крэмль скажа яму агучыць, ён і будзе агучваць, магчыма, у некалькі эксцэнтрычнай форме, але не больш за тое», - сказаў ён.
Ваенны экспэрт мяркуе, што беларускі корпус расейскага войска не можа самастойна весці баявыя дзеянні, бо ў іх замала сіл і сродкаў.
«Калі Украіна зараз супрацьстаіць групоўцы 621 тысячы вайскоўцаў толькі расейскай арміі, не ўключаючы групоўку «Расгвардыі», то беларускі корпус, агульная колькасць якога 65 тысяч, а калі аб'ектыўна браць яго баявую магчымасць, гэта дзесьці каля 17-20 тысяч, не можа для Украіны несці сур'ёзную пагрозу. Тым больш як гэта ні дзіўна, мы нават геаграфічна абаронены ад дзеянняў такой групоўкі войскаў. Таму ўсе вайсковыя дзеянні з боку Беларусі маюць вельмі выразны індыкатар - перамяшчэнне ў гэтую акупаваную краіну кантынгентаў расейскіх войскаў, на ўзмацненне якіх могуць быць кінутыя падраздзяленні беларускага корпуса расейскага войска», - сказаў Грабскі.
У той жа час ён выказаў меркаванне, што калі нават гэтыя перамяшчэнні пачнуцца, то пагроза будзе хутчэй за ўсё не для Украіны, а для Літвы і іншых краін Балтыі.
«Я вельмі спакойна стаўлюся да гэтых усіх дэмагагічных заяў і эксцэнтрычных паведамленняў, якія пасылае Лукашэнка, разумеючы, што на сённяшні дзень у іх няма такой магчымасці самастойна атакаваць Украіну. Для гэтага ў Лукашэнкі проста банальна няма сіл», - мяркуе вайсковы экспэрт.