BE RU EN

«Прыязныя» краіны адмовіліся інвеставаць у Расею

  • 7.02.2025, 14:58

Аб'ём замежных інвестыцый упаў да мінімуму за апошнія 15 гадоў.

Надзеі Крамля на тое, што "прыязныя" краіны заменяць Расеі заходніх інвестараў, былі марнымі. Аб'ём замежных інвестыцый у РФ працягвае імкліва скарачацца і на кастрычнік 2024 апусціўся да мінімуму за апошнія 15 гадоў, вынікае са статыстыкі ЦБ РФ, піша The Moscow Times.

Са звестак рэгулятара, за першыя тры кварталы мінулага года замежныя інвестары забралі з рэальнага сектара эканомікі яшчэ $44 млрд прамых інвестыцый, а іх агульны аб'ём апусціўся да $235 млрд.

У 2023 годзе Расея страціла $80 млрд прамых замежных інвестыцый (ПЗІ), у першы год вайны - $138 млрд. Назапашаным вынікам за тры гады пул ПЗІ ў эканоміку, які перад уварваннем ва Украіну складаў амаль $500 млрд, зрынуўся ўдвая, або на $262 млрд

Хоць прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заяўляў аб "максімальнай адкрытасці" для інвестараў з краін БРІКС і заклікаў іх укладваць у Расею "капіталы", прытоку грошай статыстыка Цэнтрабанка не зафіксавала. Гэта сведчыць аб росуе ізаляцыі расейскай эканомікі, адзначае Яніс Клюге, навуковы супрацоўнік нямецкага Інстытута праблем міжнароднай бяспекі.

Да прыкладу, улады Кітая - найбуйнейшага гандлёвага партнёра Расеі, стасункі з якім Пуцін называе "стратэгічнымі", забаранілі мясцовым кампаніям ўкладвацца ў нафтагазавы сектар Расеі, адмовіліся інвеставаць у праект "Сіла Сібіры-2" і далі ўказанне аўтаканцэрнам не будаваць у РФ заводы.

Перад пачаткам вайны тры чвэрці прамых замежных інвестыцый у Расею былі забяспечаны краінамі са спісу "непрыязных", укладанні якіх спыніліся пасля ўвядзення санкцый і контрсанкцый. У здабычу карысных выкапняў і апрацоўчую прамысловасць - галіны, на якія прыпадае 50% расейскага ВУП і 40% занятасці, - умоўныя «ворагі» ўклалі суму, роўную 20% усіх асноўных фондаў. Яшчэ вышэй іх дзель у гандлі (роўная 80% асноўных фондаў), фінансах (амаль 70%), а таксама ў навукова-тэхнічных галінах (40%), падлічылі аналітыкі "Лока-Інвест".

Пры гэтым на Кітай прыходзілася толькі $3,3 млрд прамых інвестыцый у РФ - або 0,66% ад агульнай сумы, на Індыю - толькі $613 млн, або 0,012%, а ўкладанні ад Бразіліі і ПАР былі настолькі нікчэмныя, што не патрапілі ў статыстыку ЦБ.

Пакінутым у Расеі актывам заходніх інвестараў пагражае канфіскацыя - урад рыхтуе да ўнясення ў Думу законапраект, які замацуе механізм канфіскацыі прыватнай уласнасці ў адказ на замарозку рэзерваў ЦБ РФ на Захадзе. Згодна з дакументам, практыка канфіскацыі пашырыцца на ўсе краіны, якія ўвялі супраць Расеі санкцыі, распавялі Reuters знаёмыя з дакументам крыніцы.

Апошнія навіны