Крамы папулярнай у Беларусі сеткі зачыняюцца ў Расеі
- 7.02.2025, 15:09
Знойдзены шэраг парушэнняў.
Многія расейскія крамы "Святлафор" могуць закрыць, пішуць мясцовыя СМІ. Падставай стала паведамленне Рассельгаснагляду аб грубых парушэннях у гандлёвых кропках сеткі, піша "Кропка".
Праверкі прайшлі ў Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй федэральных акругах. Усяго выяўлена 64 праблемныя крамы, зафіксавана больш за 90 парушэнняў.
Асноўныя пытанні ўзніклі да рэалізацыі малочнай, мясной і рыбнай прадукцыі.
Шэраг тавараў быў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, некаторыя прадукты захоўваліся без пакавання і з парушэннем тэмпературнага рэжыму, іншыя - без дакументаў аб бяспецы і якасці.
Матэрыялы аб праверцы Рассельгаснагляд накіраваў у пракуратуру і мясцовы нагляд.
Раней расейскія дэпутаты прасілі праверыць гандлёвую сетку на парушэнне закона аб гандлі і санітарна-гігіенічных нормаў. Акрамя таго, як сцвярджаецца, сетка "Святлафор" практыкавала жорсткія метады працы з пастаўшчыкамі.
Таксама стала вядома, што Федэральная падатковая служба РФ вырашыла ліквідаваць кампанію - уладальніка крам «Святлафор». Размова ідзе аб акцыянерным таварыстве "Інвест Стандарт".
Даведаліся, як сітуацыя ў Расеі адаб'ецца на беларускіх крамах "Святлафор".
Ці закрыюцца “Святлафоры” ў Беларусі?
У Беларусі працуе блізу 180 гандлёвых кропак гэтага дыскаўнтэра. Крамы ёсць ва ўсіх абласцях рэспублікі.
Кліентаў у сеткі дастаткова: у адным толькі Instagram беларускага "Святлафора" налічваецца 110 тысяч падпісчыкаў. Ці застануцца гэтыя людзі без знаёмых крам, даведаліся ў спецыялістаў сеткі.
“У нас шмат добрых планаў. У тым ліку на адкрыццё новых крам. Так што магу сказаць, што навіны пра расейскія крамы “Святлафор” нас не тычацца”, – адзначыла ў каментары для Tochka.by вядучы маркетолаг сеткі крам “Святлафор” у Беларусі.
Відавочна, што падзеі ў РФ пакуль не адбіліся на беларускіх рэаліях.