BE RU EN

Выведка Эстоніі: Украіне ўдалося падлавіць Расею

  • 7.02.2025, 16:17

УСУ скарысталіся зручным момантам для наступу ў Курскай вобласці.

Кіраўнік выведвальнага цэнтра Сіл абароны Эстоніі палкоўнік Антс Ківісельг заявіў, што Расея, пасля невялікага «поспеху» ў наступе на Данецкую вобласць, пачала рэарганізацыю сваіх сіл.

Пра гэта ён сказаў на брыфінгу ў пятніцу, 7 лютага, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на ERR.

Са слоў кіраўніка вайсковай выведкі Эстоніі, Расея зменшыла колькасць абстрэлаў цягам апошняга тыдня, а гэта звязанае перш за ўсё з рэарганізацыяй узброеных сіл РФ.

Ён адзначыў, што пасля захопу Вялікай Навасёлкі і Курахава ў Данецкай вобласці Расея пачала аднаўляць і папаўняць свае падраздзяленні ў гэтым раёне.

Са слоў Ківісельга, цягам тыдня кірунак наступу расейскіх войск не змяніўся - гэта па-ранейшаму раён населенага пункта Пакроўск Данецкай вобласці.

«Там расейцы прадоўжылі паступовае прасоўванне і за апошнія сем дзён рушылі на плошчы блізу дзясяці квадратных кіламетраў», - сказаў ён.

Ківісельг таксама ўважае за магчымае, што ў найбліжэйшыя тыдні расейскае войска перакіне дадатковыя падраздзяленні да ўскраін Пакроўска, каб адрэзаць шляхі забеспячэння горада і такім чынам цалкам ізаляваць Пакроўск.

«Вайна на знясіленне працягваецца, а найбольш значнай падзеяй мінулага тыдня стаў адносна вялікі высокадакладны ўдар па цэлях ва Украіне 1 лютага, калі Расея ўжыла як свае стратэгічныя бамбавікі, бамбавікі далёкага дзеяння і ракеты «Калібр» з Чарнаморскага рэгіёну, так і балістычныя.

У той жа час у Курскай вобласці РФ таксама знаходзіцца ў працэсе папаўнення паўночнакарэйскіх падраздзяленняў, якія размешчаныя там, што прывяло да зніжэння вайсковай актыўнасці ў рэгіёне, расказаў эстонскі вайсковец.

«Са свайго боку, гэтым скарысталіся ўкраінскія ўзброеныя сілы, якія, з адкрытых крыніц, учора (6 лютага. - Рэд.) правялі паспяховыя атакі ў Курскай вобласці, захапіўшы новыя населеныя пункты і раёны, асабліва ў паўднёва-ўсходнім кірунку ад Суджы», - адзначыў ён.

Апошнія навіны