BE RU EN

Time на сваёй вокладцы пасадзіў Ілана Маска ў крэсла прэзідэнта ЗША

  • 7.02.2025, 19:47

Фотафакт.

Часопіс Time паказаў лютаўскую вокладку, на якой выява Ілана Маска (найбагацейшы чалавек свету з багаццем $403,7 млрд паводле ацэнак Forbes), які сядзіць у крэсле прэзідэнта ЗША.

Нумар выйдзе 24 лютага. Бізнэсовец сядзіць за сталом Рэзалют, за якім працуюць прэзідэнты ў Авальным кабінеце Белага дома. За ягонай спінай амерыканскі сцяг і сцяг прэзідэнта Злучаных Штатаў.

«Ніводны грамадзянін, асабліва той, чыё багацце і бізнэс знаходзяцца пад наўпроставым кантролем федэральных уладаў, не валодаў такой уладай над апаратам урада ЗША. Пакуль Маск, здаецца, не падсправаздачны нікому, акрамя прэзідэнта Трампа, які ўручыў спонсару сваёй кампаніі маштабны мандат на тое, каб прывесці ўрад у адпаведнасць з яго парадкам дня», - піша выданне.

У снежні газета The Washington Post назвала Маска «ценявым прэзідэнтам».

Пасля прыходу да ўлады Дональда Трампа бізнэсовец узначаліў Дэпартамент эфектыўнасці ўрада (DOGE). У артыкуле для Wall Street Journal пасля выбараў ён абяцаў, што DOGE дапаможа Трампу наняць «каманду крыжакоў», якія будуць працаваць над «масавым скарачэннем колькасці федэральнай бюракратыі».

Дырэктар службы бяспекі Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці (USAID) Джон Вурхіз і яго намеснік былі адпраўленыя ў адпачынак пасля таго, як адмовіліся дазволіць DOGE атрымаць доступ да зачыненых памяшканняў агенцтва, дзе захоўваецца сакрэтная інфармацыя. З прыходам да ўлады Трамп загадаў замарозіць амаль усю замежную дапамогу ЗША. Маск заявіў, што размаўляў з Трампам аб закрыцці USAID і што той з ім пагадзіўся.

Апошнія навіны