За апошнія шэсць гадоў Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларусаў аб наданні прытулку
- 7.02.2025, 21:14
За гэты час з Грузіі былі высланыя тры беларусы.
У 2019–2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларусаў аб наданні прытулку (статусу бежанца або гуманітарнага статусу), сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз статыстыкі МУС гэтай краіны.
За гэты перыяд выдадзена 56 адмоваў (у тым ліку 35 асобам мужчынскага полу, 21 – жаночага): у 2019 годзе – 1, у 2020-м – 2, у 2022-м – 3, у 2024-м – 50. Паводле звестак «Позірку», у 2023 годзе заявы беларусаў былі фактычна замарожаныя на той ці іншай стадыі разгляду, а ў 2024-м працэсу было нададзенае паскарэнне.
13 з 56 адмоваў атрымалі няпоўнагадовыя (8 хлопчыкаў/юнакоў і 5 дзяўчатак/дзяўчатаў). Звесткі пра астатнія ўзроставыя катэгорыі заяўнікаў: 18–25 гадоў – 3 (1 мужчына, 2 жанчыны), 26–40 гадоў – 25 (18, 7), 41–65 гадоў – 15 (8, 7).
Усяго было пададзенае 81 прашэнне аб наданні прытулку ў Грузіі (у тым ліку 48 асобамі мужчынскага полу, 33 – жаночага): у 2019 годзе – 1, у 2020-м – 2, у 2021-м – 10, у 2022-м – 7, у 2024-м – 40.
Няпоўнагадовымі або ад іх імя пададзена 16 заяваў (9 хлопчыкаў/юнакоў, 7 дзяўчатак/дзяўчатаў), просьбітамі ва ўзросце 18–25 гадоў – 11 (8 мужчынаў, 3 жанчыны), 26–40 гадоў – 37 (24, 13), 41–65 – 17 (7, 7).
У пункце часовага размяшчэння пражываў адзін грамадзянін Беларусі – у 2020 годзе мужчына ва ўзроставай катэгорыі 26–40 гадоў.
За апошнія шэсць гадоў з Грузіі высланыя тры беларусы: у 2020 і 2021 гадах – мужчыны ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў, у 2023-м – мужчына ва ўзроставай катэгорыі ад 41 да 65 гадоў.