«Падчас адной атакі дрона было забіта 40 жаўнер войска КНДР»
- 8.02.2025, 9:03
А потым паўночнакарэйцы ўвогуле зніклі з фронту пад Курскам.
Войска Паўночнай Карэі панесла вялізныя страты ў Курскай вобласці праз састарэлую тактыку вядзення бою і адсутнасці падтрымкі ад расейскай артылерыі. Аб гэтым піша The Times.
Журналісты адзначылі, што агулам байцы КНДР паказалі сябе добра навучанымі жаўнерамі з высокім узроўнем матывацыі. Акрамя таго, большасць кантынгенту Паўночнай Карэі ў Курскай вобласці складалі маладыя энэргічныя мужчыны, што прыкметна адрозніваецца ад байцоў УСУ і войскаў РФ, якія стаміліся ад трох гадоў вайны.
«Расейцы таксама стаміліся, як і мы; яны таксама ўжо ваююць з пераважна мабілізаванымі войскамі. Звычайна, калі б'еш па расейскай штурмавой групе з беспілотнікаў, яна ўцякае ва ўкрыцце і адступае. Паўночнакарэйцы працягваюць ісці наперад», - растлумачыў журналістам капітан роты дэсантнікаў са складу 80-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ Мікалай Стрыгуноў.
Яшчэ адзін вайсковец УСУ - маёр Антон з 95-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ распавёў аб тым, як жаўнеры КНДР цягам «многіх гадзін» інтэнсіўна штурмавалі пазіцыі ўкраінскіх дэсантнікаў.
З яго слоў, паўночныя карэйцы вялі дакладны агонь, рухаліся хутка, даглядалі параненых і адмаўляліся здавацца нават пасля таго, як стала зразумела, што яны саступілі ў баі. Антон падкрэсліў, што тады УСУ паспрыяла тое, што карэйцы не мелі падтрымкі расейскай артылерыі, ударных беспілотнікаў і танкаў - інакш жаўнеры КНДР прадстаўлялі б грозную баявую сілу.
Капітан Бяляеў з 80-й ДШБ распавёў журналістам, што падчас адной атакі дрона было забіта не менш за 40 жаўнераў войска КНДР, што з'яўляецца адной з асноўных прычын вялізных страт сярод карэйцаў.
З яго слоў, байцы КНДР не былі вар'ятамі або дурнымі, проста яны спадзяваліся на састарэлую тактыку вядзення бою, якая не ўлічвала сучасныя рэаліі, напрыклад, наяўнасць выведвальных і ўдарных БПЛА. Карэйцы перасоўваліся цэлымі ўзводамі шчыльным строем, хоць украінцы і расейцы ўжо даўно зразумелі, што такія вялікія групы пяхоты лёгка заўважаюцца беспілотнікамі і ўразлівыя ў сучасных баявых умовах.
«Праз некаторы час яны зразумелі, што гэтая вайна не такая, як ім расказвалі, і кудысьці зніклі. Мы больш не бачым іх на полі бою. Паводле нашай інфармацыі, іх забралі адсюль наогул, і на вельмі працяглы тэрмін», - падкрэсліў Бяляеў.