Трамп ануляваў допуск Байдэна да сакрэтнай інфармацыі
- 8.02.2025, 11:02
Былыя прэзідэнты ЗША атрымліваюць некаторыя брыфінгі па выведцы нават пасля таго, як пакідаюць пасаду.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён адклікае доступ былога прэзідэнта Джо Байдэна да ўрадавых сакрэтаў і спыняе яго штодзённыя брыфінгі па выведцы. Пра гэта Трамп заявіў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, паведамляе Associated Press.
«Джо Байдэну няма неабходнасці працягваць атрымліваць доступ да сакрэтнай інфармацыі. Таму мы неадкладна адклікаем допускі Джо Байдэна да сакрэтнай інфармацыі і спыняем яго штодзённыя выведвальныя брыфінгі», - напісаў Трамп.
У сваім допісе пра Байдэна Трамп спаслаўся на леташнюю справаздачу спецыяльнага пракурора Роберта Хура, заявіўшы: «Справаздача Хура паказала, што Байдэн пакутуе на «дрэнную памяць» і нават у «найлепшыя гады» яму нельга давяраць канфідэнцыйную інфармацыю».
Трамп таксама нагадаў, што Байдэн падчас свайго прэзідэнцкага тэрміна даў указанне не дапусціць Трампа да звестак аб нацыянальнай бяспецы.
«Ён стварыў гэты прэцэдэнт у 2021 годзе, калі даручыў выведвальнай супольнасці не дапусціць 45-га прэзідэнта ЗША (мяне!) да інфармацыі аб нацыянальнай бяспецы, ветлівасць ад былога прэзідэнта», - падкрэсліў Трамп.
Былыя прэзідэнты традыцыйна атрымліваюць некаторыя брыфінгі па выведцы нават пасля таго, як яны пакідаюць сваю пасаду.
Аднак у 2021 годзе, неўзабаве пасля ўступлення на пасаду, Байдэн сказаў CBS, што, на яго думку, Трамп не павінен мець доступ да брыфінгаў выведкі праз яго «няўстойлівыя паводзіны» і асцярогі, што ён можа падзяліцца інфармацыяй.
«Якая карысць у перадачы яму брыфінгу выведкі? Які ўплыў ён увогуле мае, акрамя таго, што ён можа спатыкнуцца і нешта сказаць?» - сказаў тады Байдэн.