Зяленскі гатовы даць ЗША доступ да рэдказямельных металаў і падземных газавых сховішчаў у абмен на гарантыі бяспекі
- 8.02.2025, 13:00
Прэзідэнт Украіны агучыў умовы.
Украіна не мае намеру бясплатна перадаваць свае рэсурсы, уключаючы рэдказямельныя металы, Злучаным Штатам, але гатовая да іх супольнай распрацоўкі.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Reuters .
«Амерыканцы надалі нам найбольшую падтрымку, і адпаведна павінны атрымаць прыярытэтны доступ да нашых рэсурсаў. Гэтае пытанне я таксама хацеў бы абмеркаваць з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам», - падкрэсліў Зяленскі.
Кіраўнік дзяржавы таксама паведаміў, што Кіеў і Вашынгтон абмяркоўваюць магчымасць выкарыстання ўкраінскіх падземных газавых сховішчаў для захоўвання амерыканскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). З яго слоў, Украіна гатовая падпісаць з ЗША кантракты на пастаўкі ЗПГ, а ў перспектыве - стаць энэргетычным хабам для ўсёй Еўропы. «Мы гатовы і хочам мець кантракты на пастаўкі ЗПГ ва Украіну. І, вядома, мы будзем хабам для ўсёй Еўропы», - адзначыў Зяленскі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што такія пагадненні павінны суправаджацца міжнароднымі гарантыямі бяспекі для Украіны.
Зяленскі таксама заявіў, што амаль 20% украінскіх мінеральных рэсурсаў, у тым ліку амаль палова радовішчаў рэдказямельных металаў, знаходзяцца на тэрыторыях, акупаваных Расеяй. На яго думку, існуе рызыка, што Масква перадасць частку гэтых стратэгічна важных рэсурсаў сваім хаўруснікам, такім як Паўночная Карэя і Іран. «Мы павінны спыніць Пуціна і абараніць нашы найбагацейшыя радовішчы, уключаючы Прыдняпроўскі рэгіён і цэнтральную Украіну», – заявіў ён.
Са слоў прэзідэнта, Украіна валодае найбуйнейшымі ў Еўропе запасамі тытана, неабходнага для авіяцыйнай і касмічнай галіны, а таксама значнымі радовішчамі ўрану, які выкарыстоўваецца ў ядзернай энэргетыцы і зброевай прамысловасці. Пры гэтым Зяленскі ўдакладніў, што многія радовішчы тытана былі знойдзеныя на паўночным захадзе краіны, па-за зонай баявых дзеянняў.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гатовы прадоўжыць падтрымку Украіны пры ўмове надання амерыканскім кампаніям прыярытэтнага доступу да ўкраінскіх рэдказямельных металаў. «Мы зацікаўленыя ў падпісанні ўгоды, згодна з якой Украіна атрымае нашу падтрымку ў абмен на доступ да яе рэдказямельных металаў і іншых стратэгічных рэсурсаў», – заявіў Трамп. Ён таксама дадаў, што ўкраінскі бок ужо выказаў гатоўнасць да такой дамовы.