«А заўтра Кітай закрыецца»
- 8.02.2025, 13:14
На «Магілёўліфтмашы» агалілі страхі беларускай прамысловасці.
У Магілёве навучыліся рабіць разумныя ліфты. Каб імі скарыстацца, націскаць на кнопкі не трэба - дастаткова ўсталяваць мабільнае прыкладанне. Тэхналогія ідэнтыфікуе чалавека, які ўвайшоў у ліфт, і адвязе яго на патрэбны паверх, расказвае АНТ.
Прадпрыемства «Магілёўліфтмаш» выпускае амаль 13 тысяч ліфтаў за год - як пасажырскіх, так і прамысловых. Лепш за ўсё раней прадаваліся мадэлі грузападымальнасцю да тысячы кілаграмаў. Цяпер на прадпрыемстве ўжо ўзялі планку 2,5 тоны ў гэтым паказчыку і хваляцца тым, што доля імпартных камплектаў складае толькі 7%.
- Калі закрылася Еўропа, то сярод краін Мытнага саюза мы адзіныя з ліфтабудаўнічых заводаў, хто захаваў аб'ёмы вытворчасці …>. Наша мэта - рабіць усё самастойна, каб была мінімальная залежнасць ад іншых краін, - заявіў на дзяржаўнай тэлевізіі дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра «Магілёўліфтмаша» Максім Собалеў. - А заўтра Кітай закрыецца, што мы будзем рабіць? У каго што браць?
Адзначым, што сусветныя вытворцы ўжо як мінімум некалькі гадоў прапануюць ліфты з такой функцыяй. Напрыклад, разумныя кабіны і сістэмы ёсць у фінскай маркі Kone, а таксама ў амерыканскай Otis.