У Пецярбургу студэнт кінуў кактэйль Молатава ў будынак ФСБ
- 8.02.2025, 13:54
Карэнны жыхар Пецярбурга навучаўся на хіміка.
Супрацоўнікі Управы ФСБ Расе ў Санкт-Пецярбургу затрымалі 22-гадовага студэнта, які ўвечары 7 лютага кінуў бутэльку з запальнай сумессю ў дзверы ведамаснага будынка на Ліцейным праспекце, 4. Як паведамляе «Фонтанка», маладзён стаў ахвярай тэлефонных ашуканцаў: спачатку зламыснікі завалодалі яго грашыма, а затым, назваўшыся супрацоўнікамі спецслужбаў, паабяцалі вярнуць сродкі, калі ён выканае заданне па праверцы «пільнасці калегаў з ФСБ».
Прытрымліваючыся атрыманых інструкцый, студэнт накіраваўся да будынка ўправы. А 18:45 ён падпаліў кактэйль Молатава і кінуў яго ля ўваходу з боку Шпалернай вуліцы. Аднак праз 50 метраў быў затрыманы сапраўднымі супрацоўнікамі ФСБ. У дачыненні да маладзёна распачатая крымінальная справа паводле артыкула 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Затрыманы – карэнны жыхар Пецярбурга і, мяркуючы па інфармацыі з яго старонкі ў сацсетках, студэнт Пецярбуржскага дзяржаўнага ўніверсітэта прамысловых тэхналогій і дызайну. Паводле звестак «Фонтанкі», ён вучыўся на хіміка.
Летам 2023 года Расею ахапіла хваля падпалаў вайсковых камісарыятаў, пры гэтым большасць затрыманых выявіліся паджылымі людзьмі. МУС тады заяўляла, што тэлефонныя ашуканцы, якія дзейнічаюць нібыта з тэрыторыі Украіны, не толькі выкрадалі грошы, але і залучалі грамадзян ва ўчыненне дыверсій і тэрактаў. Да канца 2024 года была зафіксаваная новая серыя нападаў, накіраваных супраць вайсковых камісарыятаў, аўтамабіляў паліцыянтаў, банкаў, паштовых аддзяленняў і адміністрацыйных будынкаў. Падпалы адбыліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, а таксама ў Новасібірскай, Цвярской, Тульскай, Пскоўскай абласцях, Краснаярскім і Алтайскім краях і іншых рэгіёнах.
Паводле звестак МУС, у 2024 годзе зарэгістравана не менш як 55 атак, у рамках расследаванняў затрыманыя 44 чалавекі. Многія з іх прызналіся, што дзейнічалі пад ціскам тэлефонных ашуканцаў. Былі распачатыя не менш як тры крымінальныя справы на падставе артыкула аб тэракце. Паводле інфармацыі «Медиазоны», з пачатку баявых дзеянняў ва Украіне арганізатары ашуканскіх схем справакавалі амаль 200 падпалаў на тэрыторыі Расеі.