Экс-дырэктару прадпрыемства, дзе выраблялі беларускую вакцыну ад каранавіруса, вынеслі прысуд
- 8.02.2025, 15:35
Да арышту ён быў заўзятым лукашыстам.
Суд Віцебскага раёна 6 лютага вынес прысуд былому генеральнаму дырэктару ААТ «БелВітуніфарм» Сяргею Бальшакову. Яго прызналі вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і крадзяжы маёмасці прадпрыемства ў значнай суме. Віну ён прызнаў цалкам і кампенсаваў шкоду. Пра гэта паведамляе прэс-служба суда.
Разгляд справы пачаўся 13 лістапада 2024 года. Пракуратура абвінавачвала яго паводле артыкулаў ч.2,3 арт.210 і ч.2 арт.426 КК Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў яго вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачання.
Паводле версіі следства, у перыяд з верасня 2020 года да сакавіка 2021 года Бальшакоў арганізаваў набыццё кватэры ў Менску для сваёй будучай жонкі за кошт прадпрыемства заніжаным коштам, чым прычыніў шкоду дзяржаўным інтарэсам у суме 2600 рублёў. Апроч гэтага, ён закупіў мэблю і бытавую тэхніку для гэтай кватэры на суму 14 010,51 рубля, а таксама аплаціў рамонт аўтамабіля, якім карысталася яго каханая, за кошт сродкаў прадпрыемства.
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі, штрафу 3000 базавых адзінак і забароны займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў. Аднак выкананне пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі было адтэрмінаванае на тры гады. Прысуд можа быць абскарджаны.
Раней Бальшакоў актыўна падтрымліваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі, выступаў у дзяржаўных СМІ і насіў сімволіку ў ягоную падтрымку. Яго імя знікла са спісу кіраўніцтва «БелВітуніфарм» у пачатку 2024 года. Прадпрыемства стала вядомым дзякуючы распрацоўцы беларускай вакцыны ад каранавіруса, а таксама анонсам «вакцыны ад запояў» і «вакцыны ад алкагалізму», агучаным у часы кіраўніцтва Бальшакова.