У Славакіі рэкордныя пратэсты супраць Фіца, які падбіў "эканамічнага тыгра ЕЗ"
- 8.02.2025, 16:21
Славакі незадаволеныя і замежнай, і ўнутранай палітыкай урада Фіца.
У Славакіі набіраюць сілы народныя пратэсты супраць прамаскоўскага курса ўрада Роберта Фіца. Калі раней яны засяроджваліся ў буйных гарадах, то зараз закранулі і малыя населеныя пункты, піша Politico.
У пятніцу, паводле падлікаў спецыялістаў, на вуліцы выйшлі амаль 100 тысяч славакаў, што даволі шмат для 5-мільённай нацыі. Найбольш пратэстоўцаў было ў сталіцы - амаль 45 тысяч чалавек. Яшчэ 20 тысяч сабраліся ў другім па велічыні горадзе краіны - Кошыцы. Астатнія - пратэставалі ў маленькіх мястэчках.
Апошняе асабліва важна, таму што менавіта сельская мясцовасць і малыя гарады былі электаральнай базай партыі Smer, якую прадстаўляе Роберт Фіца.
49-гадовы Міла Янач з маленькага мястэчка Гельніц, дзе ў Фіца былі высокія рэйтынгі, распавёў Politico, што людзі незадаволеныя не толькі прарасейскім курсам урада ў замежнай палітыцы, але таксама і яго эканамічнай і сацыяльнай палітыкай.
- Пад урадам Фіца мы ператварыліся з эканамічнага тыгра Еўропы ў адну з самых бедных краін ЕЗ. Наша школьная сістэма з'яўляецца катастрофай, а наша ахова здароўя настолькі дрэнная, што кожны год тут "без патрэбы" памірае 10 000 чалавек. Нашая моладзь не бачыць тут перспектывы і з'ехала з краіны. Мы страчваем нашу будучыню, - кажа ён.