Аўтэнтычныя калыханкі Падляшша: у Беластоку адбудуцца ўнікальныя майстар-класы
- 12.02.2025, 18:21
Да 13 лютага Цэнтр беларускай культуры прымае заяўкі ад ахвотных.
15-16 лютага ў Беластоку пройдуць унікальныя майстар-класы па традыцыйных спевах «Песні Беласточчыны», дзе кожны зможа дакрануцца да жывой спадчыны беларускай культуры. Арганізатарам выступіў Цэнтр беларускай культуры. Удзельнікаў чакае знаёмства з больш чым 40 калыханкамі беларускага Падляшша, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Праводзяцца майстар-класы спеву. Асноўная ўвага звяртаецца да музычнай і спеўнай спадчыны беларусаў Беласточчыны. Дзякуючы архіву Сцяпана Копы ёсць магчымасць да гэтай спадчыны дакрануцца, пазнаць яе, даведацца. Я думаю, што для беларусаў з Беларусі, якія знаходзяцца тут, гэта таксама магчымасць пашукаць сувязяў са сваімі рэгіёнамі, са сваёй радзімай, але таксама праз гэтыя майстар-класы крыху больш даведацца пра беларусаў Беласточчыны», — кажа каардынатар праекта Зміцер Косцін.
Да 13 лютага Цэнтр беларускай культуры прымае заяўкі ад ахвотных прыняць удзел у майстар-класах на адрас: projekty@ckb.bialystok.pl. Мaйстар-класы адбудуцца па адрасе вул. Варшаўская, 11, у будынку сядзібы Беларускага Грамадска-Культурнага Таварыства. Пачатак заняткаў 15 і 16 лютага аб 11-й гадзіне.